Верхнядзвінскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне, дзе прапісана колькасць і падзяленне на групы вучняў у дзяржаўнай установе адукацыі «Верхнядзвінская дзіцячая школа мастацтваў»; у класах па накірунку дзейнасці «музычны» (у аграгарадку Валынцы, вёска Бароўка); у дзяржаўнай установе адукацыі "Бігасаўская дзіцячая школа мастацтваў"; у дзяржаўнай установе адукацыі "Асвейская дзіцячая школа мастацтваў»; у класе па накірунку дзейнасці "музычны" (у аграгарадку Сар'я).
Кантроль за выкананнем гэтага рашэння ўскладзены на сектар культуры Верхнядзвінскага раённага выканаўчага камітэта.
З'яўляецца заканамернае пытанне: навошта ўладам умешвацца ў такія пытанні, як колькасць навучэнцаў? Бо паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (арт. 229. Агульныя патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), заснавальнік установы адукацыі, заснавальнік іншай арганізацыі, якая ажыццяўляе адукацыйную дзейнасць, можа самастойна рэгуляваць напаўняльнасць класа ці групы.
Паводле меркавання юрыста, ва ўмовах аўтарытарнага ці таталітарнага рэжыму, як цяпер у Беларусі, удзел мясцовых органаў улады ў арганізацыі і рэалізацыі адукацыйных праграм для дзяцей і моладзі часта суправаджаецца кантролем і ідэалагічнай скіраванасцю. У такіх выпадках дадатковая адукацыя можа выкарыстоўвацца для распаўсюджвання дзяржаўнай ідэалогіі і выхавання моладзі ў духу лаяльнасці да кіруючай улады.
Удзел мясцовых органаў улады ў адукацыйных праектах можа азначаць наступныя з'явы:
1.Кантроль зместу праграм. Мясцовыя ўлады могуць уплываць на змест адукацыйных праграм, каб яны адпавядалі палітычнай лініі дзяржавы, выключаючы крытыку ўлады або альтэрнатыўныя пункты гледжання.
2. Прапаганда і выхаванне ў "правільных" каштоўнасцях. Заняткі могуць быць накіраваны на фарміраванне ў моладзі пэўных ідэалагічных каштоўнасцей, такіх як патрыятызм у інтэрпрэтацыі дзяржавы, павага да кіруючых структур і г.д.
3. Адсочванне і маніторынг. Уладам можа быць важна сачыць за тым, каб сярод моладзі не ўзнікала іншадумства. Напрыклад, удзел у арганізацыі адукацыйных праграм дазваляе назіраць за інтарэсамі і настроямі маладых людзей.
4. Пераважная падтрымка лаяльных педагогаў і праграм. Падтрымку атрымаюць толькі тыя адукацыйныя праекты і педагогі, якія відавочна выяўляюць лаяльнасць да ўлады або падтрымліваюць пэўныя ідэалагічныя погляды.
Такім чынам, удзел мясцовых органаў улады ў адукацыйнай дзейнасці ў таталітарных умовах часта азначае ўзмацненне ідэалагічнага кантролю і абмежаванні ў выбары адукацыйных магчымасцей для дзяцей і моладзі, лічыць юрыст.
Віталь Віхура