За пяць дзён правядзеньня апэрацыі «Арсэнал» УУС Віцебскага аблвыканкаму канфіскавана больш за 130 адзінак зброі. Усяго ў жыхароў рэгіёну канфіскавана за розныя парушэньні 89 адзінак зарэгістраванай зброі, 43 - незарэгістраванай, больш за 1 тыс. боепрыпасаў, адна выбухная прылада (корпус ад гранаты часоў Другой сусьветнай вайны), 5,9 кг выбуховых рэчываў. Добраахвотна за гэты пэрыяд грамадзяне здалі ў міліцыю 79 адзінак зброі, якія стаяць на ўліку, 54 - незарэгістраванай, амаль 3,7 тыс. боепрыпасаў, 81 выбуховае прыстасаваньне (гранаты, карпусы ад іх).
Да адказнасьці за парушэньні правілаў абароту зброі прыцягнутыя 96 жыхароў вобласьці, у тым ліку 75 - да адміністрацыйнай адказнасьці і 21 - да крымінальнай паводле арт. 295 Крымінальнага кодэксу Беларусі (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Цягам праведзенай апэрацыі “Арсэнал” найбольш буйныя канфіскацыі незарэгістраванай зброі ладзіліся ў Першамайскім раёне Віцебску, Полацку, Полацкім, Глыбоцкім і Бешанковіцкім раёнах.
Крыніца: Навіны.by