Ігар Яўсееў стаў генэрал-маёрам
20 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб наданьні начальніку УУС Віцебскага аблвыканкаму палкоўніку міліцыі Ігару Яўсееву чарговага званьня — генэрал-маёра. Нагадаем, кіраўніком віцебскай абласной міліцыі Яўсееў быў прызначаны 15 чэрвеня 2012 году з пасады начальніка міліцыі грамадзкай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму.
Забойцу 20-гадовага віцебскага таксіста далі 23 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
Віцебскі абласны суд 20 чэрвеня вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе - аб забойстве ў верасьні 2012 году работніка МНС Аляксея Краско (на фота), які ў вольны ад асноўнай працы час падпрацоўваў таксістам. Паводле вэрдыкту судзьдзі Валянціны Буевай абвінавачаны ў гэтым злачынстве 42-гадовы беспрацоўны жыхар Віцебску прыгавораны да 23 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, паведамілі ў сэктары па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду.
На Віцебшчыне ў насельніцтва адбіраюць і зьнішчаюць сьвіней
У трох вёсках Віцебскага раёну - Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка - у насельніцтва канфіскавалі і зьнішчылі сьвіней, якія ўтрымліваліся ў асабістых прысядзібных гаспадарках. Матывуецца гэта нейкай эпідэміяй, але якой менавіта гаспадарам жывёл не паведамляецца. У Шапечына, бачачы журналіста з камэрай, людзі хаваюць вочы і адмаўляюцца гаварыць. Атрымоўваецца пагутарыць толькі з адным хлопцам - ён пацьвердзіў, што 19 чэрвеня ў іх вёсцы канфіскавалі ўсіх сьвіней, пагрузілі іх у прычэпы трактароў і павезьлі ў невядомым кірунку. Насельніцтву параілі асабліва не распаўсюджвацца аб здарэньні, калі ня хочуць непрыемнасьцяў на працы.
На радзіме Васіля Быкава ўшанавалі ляўрэатаў прэміі «За свабоду думкі»
У вёсцы Бычкі на Ўшаччыне 19 чэрвеня, у дзень народзінаў Васіля Быкава, былі ўганараваныя ляўрэаты прэміі “За свабоду думкі”. Ляўрэатамі прэміі, якая носіць імя Быкава, сёлета сталі Алесь Марачкін і Зьміцер Вайцюшкевіч. Імпрэзу, арганізаваную рухам “За свабоду”, наведалі літаратары, мастакі, музыкі, палітыкі, экспэрты, журналісты, актывісты зь Менску і Віцебшчыны, прадстаўнікі Ўшацкага райвыканкаму. Агульны добры настрой і цудоўнае надвор’е зрабілі гэты дзень сапраўды сьвяточным і незабыўным.
Пракуратура выявіла парушэньні заканадаўства аб долевым будаўніцтве жытла
Ворганамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праверана выкананьне заканадаўства аб долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў у камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкаму і мясцовых гаррайвыканкамах. Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры, выяўленыя парушэньні забудоўшчыкамі патрабаваньняў указу прэзыдэнта ад 15 чэрвеня 2006 году № 396 “Аб долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў” і іншых нарматыўных прававых актаў у гэтай сфэры, а таксама недастатковы кантроль з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых ворганаў за правядзеньнем гэтай работы.
У Віцебску - “Гендэрны лікбез”
У Віцебску адбылася сустрэча з гендэрнымі экспэртамі і аўтарамі рэсурснага пакету «Гендэрны лікбез» і відэа «Сукенка». Мерапрыемства, якое ладзілі Алена Міньчэня і Вольга Петруковіч, сабрала каля 20 гасьцей. Трэнэры ў рамках жывой дыскусіі распавялі, што гендэрная роўнасьць - гэта ня толькі пытаньне пра роўнасьць мужчын і жанчын. Пытаньне роўнасьці і роўных магчымасьцяў значна шырэйшае.
Віцебскі журналіст - адзін зь пераможцаў конкурсу “Прэс-фота Беларусі”
Сярод сёлетніх ляўрэатаў прэстыжнага конкурсу прафэсійнай мэдыя-фатаграфіі “Прэс-фота Беларусі” ёсьць рэдактар штодзённай інтэрнэт-газэты “Народныя навіны Віцебска” Сяржук Серабро. Ён заняў першае месца ў намінацыі “Навіны” з сэрыяй фотаздымкаў, якія былі зробленыя падчас суду над вядомым дэмакратычным актывістам Сяргеем Каваленкам.
Справа «шпіёна» Гайдукова развалілася?
Старшыня КДБ Валер Вакульчык ня вытрымаў. «Шпіёнская справа», якую з такой радасьцю вёў КДБ у дачыненьні да апэратара наваполацкага «Нафтану» Андрэя Гайдукова, падобна, скончылася. Замест яе будзе нейкае іншая справа. Пра гэта Вакульчык заявіў 19 чэрвеня журналістам.
Старшыня райсуду лічыць, што Пётар Іваноў парушыў Крымінальны кодэкс
Віцебскі грамадзкі дзеяч Пётар Іваноў прасіў кампэтэнтныя ворганы ўзбудзіць крымінальную справу супраць судзьдзі Валянціны Кісьмярошкінай, якая, на ягоную думку, сьвядома парушыла закон і несправядліва пакарала яго штрафам у памеры 4-х мільёнаў рублёў па адміністрацыйнай справе. Аднак, выглядае, да крымінальнай адказнасьці могуць прыцягнуць не судзьдзю, а самога Пятра Іванова: па гэта да начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Ўладзімера Шалухіна зьвярнуўся старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску А.А. Андрушэнка.
Суд над Андрэем Гайдуковым працягнецца 17 чэрвеня
13 чэрвеня ў судовае паседжаньне па справе Андрэя Гайдукова выклікалі сьведак. «Гэта былі людзі ў міліцэйскай форме», — сказаў праваабаронца Павал Левінаў. Вольга Гайдукова паведаміла, што суд над яе сынам будзе працягнуты ў панядзелак, 17 чэрвеня. Так ёй сказалі адвакаты Андрэя Гайдукова. Яны паведамілі, што хлопец трымаецца спакойна, але па-ранейшаму не зусім здаровы: гаварыць ня можа праз кашаль. У наступны панядзелак працягнуць дапытваць сьведкаў. У прыватнасьці, у якасьці сьведкі ў суд выкліканы жыхара Наваполацку Ільля Багданаў.