Прафсаюзны юрыст: Хіба ў гэта можна паверыць, што 13 работніц непрыкметна вынесьлі з заводу больш за 4 тоны малочных прадуктаў?
Дванаццаць разоў АБЭЗ адмаўляў прафсаюзу РЭП ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў сувязі са шматмільённай нястачай, выяўленай на ААТ «Віцебскмясамалпрам», якую кіраўніцтва «павесіла» на работніц складу. На думку юрыста прафсаюзу РЭП Валера Місьнікава, улады заплюшчваюць вочы на відавочныя факты злачыннай дзейнасьці на прадпрыемстве.
Больш за 90 бацькоў аштрафаваныя ў Віцебскай вобласьці за парушэньне іх дзецьмі “камэнданцкай гадзіны”
Больш за 90 бацькоў аштрафаваныя ў Віцебскай вобласьці з пачатку году за начныя прагулкі сваіх дзяцей без суправаджэньня дарослых, паведаміла памочніца пракурора Віцебскай вобласьці па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўнагадовых і моладзі Ірына Крукоўская. Паводле яе слоў, найбольш часта гэтыя парушэньні былі адзначаныя ў абласным цэнтры (17 фактаў), Наваполацку (7), Глыбоцкім раёне (7), Воршы і Аршанскім раёне (10), Полацку і Полацкім раёне (10), Лепельскім раёне (5).
На Леаніда Аўтухова склалі пратакол за парушэньне Закону аб СМІ
“Мяне вінавацяць у тым, што была перавышаная колькасьць асобнікаў партыйнага бюлетэня “Магістрат”, які мы раздавалі 22 сакавіка. Але тыя асобнікі ніхто пры нас не лічыў, і адкуль узялася выніковая лічба, мне невядома. Акрамя гэтага, на сёньняшні дзень усе асобнікі мусілі быць зьнішчаныя. Аднак – не, яны фігуруюць у маёй новай адміністрацыйнай справе”, - гаворыць старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ.
Асуджаны былы намесьнік дырэктара «Віцязя» яшчэ вінен Br32 млрд
Віцебскі абласны суд прызнаў Аляксея Жукоўскага вінаватым у атрыманьні буйных хабараў, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і крадзяжы. Беларускі тэлеканал ОНТ паведамляе, што «былы кіраўнік яшчэ ў 2005 годзе стварыў злачынную групу. У яе ўваходзілі два змоўнікі зь ліку работнікаў заводу і камэрцыйны прадстаўнік замежнай кампаніі. Створаная група рэгулярна на працягу двух гадоў нібыта перамагала ў тэндэрах на пастаўку камплектовых вырабаў для тэлевізараў».
На кіраўніка Віцебскай арганізацыі партыі БНФ заведзеная крымінальная справа?
Кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў выклікаецца ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Ён мусіць прыбыць 24 кастрычніка да супрацоўніка міліцыі С. Вераксы. Прычым, як вынікае з позвы, выклікаецца партыйны лідэр не па адміністрацыйнай, а па нейкай крымінальнай справе.
Віцебскія сябры партыі БНФ патрабуюць аднаўленьня помнікаў у Смалянах
Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьвярнуўся да старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца са скаргай на дзеяньні адказных асобаў, якія дапусьцілі руйнаваньне гістарычнага будынку ў вёсцы Смаляны Аршанскага раёну. У скарзе ёсьць і канкрэтныя прапановы, як зрабіць гэтую вёску «турыстычнай Мэкай усходняй Беларусі». Для гэтага ёсьць усе падставы, бо «колькасьць і каштоўнасьць помнікаў у Смалянах нават большая, чымсьці ў такіх турыстычных цэнтрах краіны, як Мір і Нясьвіж», піша Леанід Аўтухоў. Таму партыйцы просяць «неадкладна прыняць праграму па ахове і рэстаўрацыі ўсіх помнікаў, што знаходзяцца ў Смалянах і правесьці археалягічныя дасьледаваньні комплексу дамініканскага кляштару ў Смалянах з абавязковым прыцягненьнем адмыслоўцаў Акадэміі навук».
Улады забаранілі мітынг, прымеркаваны да ўгодкаў Чарнобыля
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла партыі БНФ правядзеньне мітынгу, прымеркаванага да 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Заяўку на правядзеньне мерапрыемства падаваў кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Леанід Аўтухоў.
Абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі
Рашэньне Першамайскага райсуду, якое спрабаваў абскардзіць віцебскі актывіст КХП БНФ, засталося безь зьменаў – Сяргей Каваленка мусіць выплаціць 1 мільён штрафу, прысуджанага яму за дробнае хуліганства. І падчас працэсу 26 сакавіка ў Першамайскім райсудзе Віцебску, і ў абласным судзе Каваленка спрабаваў давесьці сваю невінаватасьць. Але судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова падтрымала рашэньне судзьдзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісьмярошкінай.
Пятра Іванова аштрафавалі на 4 мільёны рублёў
Судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала апазыцыянэра Пятра Іванова вінаватым у ілжэсьведчаньні на супрацоўніка міліцыі і ў непадпарадкаваньні міліцыянтам. Агульная сума двух штрафаў — 4 мільёны рублёў. У судзе згадалі інцыдэнт, які здарыўся ў Віцебску 16 лютага. Тады Пётар Іваноў стаў сьведкам затрыманьня актывістаў аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія выйшлі ў цэнтар Віцебску з расьцяжкай «Свабоду палітвязьням».
Судзьдзя Грабоўская засталася беспакаранай
«У ходзе праведзенай праверкі фактаў грубых і непаважлівых адносін да ўдзельнікаў працэсу з боку судзьдзі суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Грабоўскай І. В. ня выяўлена, падстаў для прыцягненьня яе да дысцыплінарнай адказнасьці ня ўгледжваю», – гэтак першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму Ігар Каржоў адказаў на заяву, якую накіроўваў у згаданае ведамства кіраўнік віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.