Судом былі безь пярэчаньняў прынятыя факты, выкладзеныя ў міліцэйскіх пратаколах. Там гаварылася, што Каваленка ішоў па праезнай частцы вуліцы 2-ая Прадольная. Парушэньне правілаў дарожнага руху заўважыў міліцэйскі патруль, які пад’ехаў на машыне і зрабіў заўвагу. Але Сяргей Каваленка ў нецэнзурнай форме нібыта адмовіўся сысьці на ходнік. Актывіст казаў у судзе, што пасьля сьнегападу на гэтай вуліцы не было відаць ходнікаў. І ў добрае надвор’е ходнікі можна заўважыць толькі з аднаго боку дарогі. Яшчэ адна прэтэнзія міліцыянтаў – адсутнасьць флікеру. Але на тэрыторыі горада яго мець пры сабе не абавязкова.
Тым не менш за парушэньне правілаў дарожнага руху, зафіксаванае ў міліцэйскіх пратаколах, інспэкцыя выкананьня пакараньняў Першамайскага раёну 16 красавіка абвясьціла Сяргею Каваленку папярэджаньне. Актывіст знаходзіцца на прафіляктычным уліку пасьля вызваленьня з Магілёўскай калёніі №19 у верасьні мінулага году. І цяпер, калі абласны суд адхіліў ягоную скаргу, цалкам імавернае і другое папярэджаньне – ужо за дробнае хуліганства, факт якога Каваленка катэгарычна адмаўляе. А пасьля трэцяга папярэджаньня да яго могуць ужыць прэвэнтыўны нагляд, які абмяжоўвае свабоду ў перасоўваньнях і выкарыстані вольнага часу.
На думку Сяргея Каваленкі, міліцэйскія структуры імкнуцца абмежаваць ягоную асабістую свабоду. І такое ўжо было летась, калі актывіста абвінавацілі ў парушэньнях рэжыму адбываньня пакараньня – хатняй “хіміі”, прысуджанай за вывешаны на навагодняй елцы бел-чырвона-белы сьцяг. З ініцыятывы інспэкцыі выкананьня пакараньняў яго прыцягнулі да суду: актывісту прысудзілі 2 гады і 1 месяц зьняволеньня ў калёніі, адкуль ён выйшаў пасьля памілаваньня ў верасьні мінулага году.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"