У Полацку затрыманыя грамадзкія актывісты
Полацкая міліцыя перашкодзіла прадстаўнікам грамадзкасьці ў правядзеньні сходу . У памяшканьні таварыства спажыўцоў 9 лістапада былі затрыманыя і дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак шасьцёра грамадзян, якія ўдзельнічалі ў сходзе. Затрыманьнем кіраваў старшы лейтэнант міліцыі Міхаіл Перапечкін ў прысутнасьці работнікаў ЖКГ. Пасьля апытаньня ў міліцыі ўдзельнікаў сходу адпусьцілі.
Amnesty International працягвае падтрымліваць доктара Пастнова
У цяперашні час тэрміновая дапамога віцебскаму лекару Ігару Пастнову, які быў падвергнуты прымусоваму псыхіятрычнаму лячэньню, больш не патрэбная. «Аднак дыягназ “псыхапатычнае разладзьдзе асобы з маніяй перасьледу ўладаў” застаўся, і ён можа зноў падвергнуцца лячэньню, калі працягне гэтаксама адкрыта крытыкаваць улады», – гаворыцца ў чарговым паведамленьні арганізацыі Amnesty International («Міжнародная амністыя»).
Віцебскія ўлады масава забараняюць акцыі КХП-БНФ
Цягам менш як месяца раённыя адміністрацыі Віцебску забаранілі 5 пікетаў, заяўкі на якія падавалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў і Ян Талпыга. Усе акцыі забароненыя з аднолькавай прычыны: арганізатары ня выканалі рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 811 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”, бо не далучылі да сваіх заявак дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай.
Як ставяцца жыхары Полацку да дня «Кастрычніцкай рэвалюцыі»?
У Беларусі 7 лістапада па-ранейшаму зьяўляецца сьвяточным выходным днём. Ідэолягі і вэтэраны кампартыі не забываюць яго адзначаць. Звычайныя грамадзяне яго практычна не заўважаюць, забываючыся пра яго існаваньне.
Расея прафінансуе аднаўленьне помніку перамогі ў вайне 1812 году?
Адчынены адмысловы банкаўскі рахунак «на аднаўленне Манумэнту славы» ў вёсцы Клясьціцы Расонскага раёну. Праўда, мясцовыя ўлады не спадзяюцца сабраць неабходную суму за кошт дабрачынных ахвяраваньняў на банкаўскі рахунак. Яны разьлічваюць на грашовую дапамогу Расеі і Саюзнай дзяржавы.
Скандал у судзе: узнагарода знайшла свайго героя
За невыкананьне парадку інфармаваньня грамадзян аб пераносе часу пэрсанальнага прыёму, старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Андрушэнка прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасьці. Скарга пра нядбайнае выкананьне Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» кіраўніком раённага суду, паступіла ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава.
Суд дазволіў Віцебскаму гарвыканкаму парушаць уласныя рашэньні (відэа)
Кастрычніцкі райсуд Віцебску адмовіў двум актывістам, якія хацелі ў судовым парадку змусіць цэнтральную гарадзкую паліклініку падпісаць дамову на мэдычнае абслугоўваньне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. Але суд не пагадзіўся прызнаць, што забарона вынесеная з парушэньнямі — як адпаведнага рашэньня выканкаму, так і беларускага заканадаўства.
У Полацку маліліся за душы тых, хто стаўся ахвярай таталітарнага рэжыму
Полацкія актывісты і вернікі ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, расстралянах каля вёскі Бельчыцы. Аповеды мясцовых жыхароў пра масавыя расстрэлы перадаюцца тут з пакаленьня ў пакаленьне. Ужо даўно Бельчыцы тэрытарыяльна ўвайшлі ў межы Полацку, але памяць пры тыя падзеі жыве. І дзеля гэтай памяці на мясцовых могілках усталяваны высокі зялезны крыж.
Над могілкамі ў Віцебску луналі бел-чырвона-белыя сьцягі
Ініцыятар традыцыі адведваць на Дзяды могілкі аднадумцаў — апазыцыянэр Барыс Хамайда. Гэтыя штогадовыя паездкі на могілкі бываюць нешматлікія. Удзельнікі едуць грамадзкім транспартам, бяруць з сабой кветкі, сьвечкі і працоўныя прылады, каб добраўпарадкаваць пахаваньні.
У Воршы на Дзяды згадалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў
Як і штогод, грамадзкія актывісты сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая гара пад Воршай. Гэта другое ў Беларусі — пасьля менскіх Курапатаў — афіцыйна прызнанае месца расстрэлу мірнага насельніцтва ў 1930-50-я гады. Цяпер пра тыя падзеі на Кабыляцкай гары нагадвае самаробны мэмарыял — камень-валун, некалькіі памятных шыльдаў, два даўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны.