Афіцыйныя газэты не прамінулі надрукаваць афіцыйныя віншаваньні палачанам ад імя ўладных чыноўнікаў і дэпутатаў. Заводзкая газэта ААТ «Полацак–Шкловалакно» павіншавала работнікаў і ветэранаў прадпрыемства. «Шмат у чым дзякуючы найлепшаму, што прынесьлі тыя падзеі, пасьля ўтварылася наша дзяржава, а беларусы сталі паўнапраўнымі гаспадарамі на сваёй зямлі. І гэта дазваляе нам адзначаць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі як дзяржаўнае сьвята…», – напісала газэта «Трудовая смена».
Журналіст «Дыялёгу» пацікавіўся меркаваньнем рабочых.
Вольга, апэратар вытворчасьці «Шкловалакна»:
– Я сёньня пайшла ў банк, а аказалася, што ён не працуе – выходны. Зусім забылася, што 7 лістапада – дзень рэвалюцыі, сьвяточны. Дый людзі не гавораць пра сьвята, усё больш пра нізкую зарплату. Што заробак у гэтым месяцы менш, чымся ў мінулым…
Дзяжурны машыніст Мікалай:
– Я сёньня працаваў у зьмене, так ніхто і не прыгадаў, што сёньня сьвята рэвалюцыі. Адно цешыць, што аплата ў гэты дзень падвойная…
А вось ідэолягі кажуць зусім па-іншаму.
Васіль Трафіменка, намесьнік дырэктара УКП «Полацак-гандаль» па ідэалягічнай працы:
– За савецкім часам гэтае сьвята адзначалі з размахам, цяпер – значна больш сьціпла. Але тое, што Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ня выкрасьлены са сьпісу сьвяточных дат – правільна, бо кастрычнік1917 году прынёс шмат добрых пераменаў. У свой час я як камуніст, як афіцэр вывучаў працы У.І. Леніна. Шкадую, што бегла. Маю дома поўны збор яго твораў. У вольны час бяру томік, уважліва перачытваю і зьдзіўляюся мудрасьці і дальнабачнасьці правадыра рэвалюцыі – яго думкі і ідэі і цяпер актуальныя.
Вэтэраны ў Полацку не забыліся ўскласьці кветкі да двух помнікаў Леніна, адзін зь якіх знаходзіцца каля вакзалу, другі на праспэкце Францішка Скарыны.
На праспэкце скарыны ў Полацку
Ёсьць у палачан вясёлая загадка: «Дзе ў Полацку цяплей - на праспэкце Скарыны або на вакзале? Адказ: на праспэкце цяплей, там Ленін у пінжаку, а ля вакзала – Ленін у паліто».
Ля Полацкага вакзалу
Дваццаць гадоў таму ў Полацку было яшчэ два помнікі Леніну, але іх зьнесьлі. Адзін быў на тэрыторыі заводу «Шкловалакно», другі каля першай школы. Цяпер на месцы помніку ля школы збудавалі караблік з пунсовымі ветразямі.
Тут быў помнік Леніну. Школа №1 у Полацку
Яшчэ раней, у 50-х гадох, каля школы № 1 быў помнік Сталіну, ад якога застаўся толькі пастамэнт. Пастамэнт, які распадаецца, цяпер сьціпла прыкрылі дэкаратыўным кустоўем.
Пастамэнт
У жыхароў Полацку цяпер у вялікай пашане помнік купцу, які стаіць каля Дому гандлю. Як жартуюць палачане, гэта помнік Валютчыку, бо побач заўсёды можна абмяняць даляры.
Помнік купцу ў Полацку
Аляксандар Марозаў, Дыялёг