Вызваленьне з калёніі «Віцьба-3» палітвязьня Андрэя Гайдукова стала сапраўднай спэцапэрацыяй, арганізаванай з мэтай не дапусьціць ягоную сустрэчу ля турэмнай брамы. Андрэю Гадукову загадалі пачаць зьбіраць рэчы а 6-й раніцы, хоць звычайна з калёніі выпускаюць аб 11-й. А 7-й яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль, адвезьлі на вакзал у Віцебску, далі 20 тысяч рублёў, каб ён змог даехаць да сваякоў. Такім чынам, каля турэмнай брамы яго сустрэць не ўдалося.

Цэны на кватэры ў Віцебску па-ранейшаму вышэйшыя за іншыя абласных цэнтры. Аднак з пачатку году сярэдняя цана прададзеных кватэр у горадзе над Дзьвіной вырасла ўсяго на 0,9%, а яшчэ ж у IV квартале 2013 году тэмпы росту складалі вялікія 6,9%, паведамляе realt.by.

2 траўня пяршоўка Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) працаўнікоў ААТ «Нафтан» падала пазоў у суд на Наваполацкі гарвыканкам, паведаміў лідэр арганізацыі Іван Сьвятоха (на фота). Адзінае патрабаваньне да ўладаў - адмяніць рашэньне аб ануляваньні рэгістрацыі дадатковага пагадненьня пяршоўкі БНП аб далучэньні да калектыўнай дамовы.

5 траўня старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец прадставіў публіцы свайго новага першага намесьніка. Ім стаўся Грабнёў Генадзь Іванавіч (на фота), кандыдатуру якога на гэтую пасаду надоечы ўзгадніў Лукашэнка. Да таго новасьпечаны «віцэ-губэрнатар» працаваў кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. На новай пасадзе ён замяніў Уладзімера Навацкага, які стаў першым намесьнікам старшыні аблвыканкаму ў далёкім 2002-м годзе.

Паводле стану на 1 красавіка 2014 году колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці склала 1 млн. 201,0 тысячу чалавек. За тры месяцы колькасьць жыхароў Віцебшчыны зьменшылася на 1100 чалавек. Па выніках трох месяцаў бягучага году Віцебшчына працягвае ўтрымліваць сумнае лідэрства: вобласьць займае першае месца па каэфіцыенце сьмяротнасьці і дэманструе самы нізкі ў краіне каэфіцыент нараджальнасьці.

Віцебскі пэнсіянэр Валер Місьнікаў зьвярнуўся да пракурора Віцебску з заявай аб правядзеньні праверкі і прыняцьці неабходных мер для прыцягненьня да адказнасьці работнікаў Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну Віцебску. На думку сп. Місьнікава , работнікі гэтай установы на працягу трох гадоў наўмысна выдаюць яму недакладную інфармацыю пра яго матэрыяльна-бытавое становішча.

У Віцебскай вобласьці чыноўнікі не абнаўляюць сайты райвыканкамаў. Апошнія абнаўленьні ў Дубровенскім, Гарадоцкім раёнах датуюцца лістападам - сьнежнем 2013 году, а ў Бешанковіцкім - аж лістападам 2012 году.

Падчас правядзеньня пазаплянавай праверкі з кантрольнай закупкай у пункце прыёму заказаў прыватнага прадпрыемства ў Шуміліна, мясцовай інспэкцыяй МПЗ выяўлены факт рэалізацыі рытуальных тавараў без патрэбных заканадаўствам дакумэнтаў.

Голдынг «Вялікалуцкі мясакамбінат» ( ВЛМК) мае намер увайсьці ў тройку лідэраў расейскага рынку па вытворчасьці сьвініны. Для гэтага кампанія рэалізуе ў Невельскім і Ўсьвяцкім раёнах Пскоўскай вобласьці, якія мяжуюць з Гарадоцкім раёнам, чатыры сьвінагадоўчыя комплексы на 450 тыс. галоў кожны. Адзін ужо працуе ў Невельскім раёне, там зьмяшчаецца 260 тыс. сьвіней, другі будуецца ва Ўсьвяцкім раёне.

Падтрымку дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец (на фота) на сустрэчы з кіраўніцтвам Пскоўскай вобласьці Расеі. Пра гэта распавёў дэпутат Пскоўскага абласнога сходу Віктар Антонаў («Адзіная Расея»), камэнтуючы вынікі нядаўняга візыту беларускай дэлегацыі ў Пскоўскую вобласьць.