04.07.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, свабода слова, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" чацвертага ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы IT-спецыяліст Дзмітрый Марчук

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і за гэта ўжо адбываў адміністратыўны арышт.

Таксама ён «прызнаецца» ў тым, што пісаў ініцыятыве «Чорнай Кніга Беларусі» і пакідаў абразлівыя каментары ў Telegram-каналах.

"Беларускі народны трыбунал" патрапіў пад абмежаванні

Па пастанове пракурора Магілёўскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу "Беларускі народны трыбунал".

Як паведамляе Генпракуратура, падставай для прыняцця рашэння сталі парушэнні гэтым рэсурсам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

У прыватнасці, на партале «размяшчаліся матэрыялы, якія змяшчаюць прыкметы экстрэмізму, якія накіраваны на распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы, дыскрэдытацыю Лукашэнкі, органаў улады і праваахоўнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, а таксама заклікі да арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ўдзелу ў іх».

Крымінальная справа супраць палітзняволенага святара

Супраць палітзняволенага Анджэя Юхневіча  распачалі крымінальную справу — яго пераводзяць у СІЗА.

Анджэй — каталіцкі святар, які правёў за кратамі ўжо 57 дзён. Ён быў чатыры разы падвергнуты адміністрацыйнаму арышту, у тым ліку паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за правядзенне «несанкцыянаванага пікету» — размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі.

Як стала вядома @christianvision, Анджэя пераводзяць з ІЧУ ў СІЗА — гэта значыць, што супраць святара распачаты крымінальны пераслед. Да гэтага часу застаецца невядомым, што менавіта яму інкрымінуецца.

Ажно 13 міліцыянтаў прывезлі, каб затрымаць аднаго мужчыну за словы «Слава Украіне»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Барысава пасля размовы ў чат-рулетцы.

Там ён сказаў правакатару, які прадставіўся ўкраінцам, «Слава Украіне», а таксама, што нібыта сам хацеў паехаць ваяваць супраць расіян і пісаў ва ўкраінскую амбасаду.

Прыехалі затрымліваць мужчыну як мінімум 13 сілавікоў.

Крыніца: Заблакаваны "Беларускі народны трыбунал", чарговыя затрыманні: хроніка пераследу чацвертага ліпеня