Зьяўляючыся інвалідам другой групы, Валер Місьнікаў ня мае ўласнай кватэры і пражывае ў здымным пакоі. Ён лічыць, што мае права на сацыяльнае жытло, якое гарантаванае беларускім заканадаўствам. Аднак па надуманых і незаконным прычынах мясцовыя ўлады яму такога жытла не даюць. Для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў інвалід неаднаразова зьвяртаўся ў суд, але ніводзін суд гэтых правоў не абараніў, спасылаючыся на тое, што Місьнікаў ня мае правоў на сацыяльнае жытло, бо мае дзяцей, якія абавязаныя ўтрымліваць свайго бацьку.
Місьнікаў лічыць, што адной з прычын адмовы ў дачы яму сацыяльнага жытла зьяўляецца скажоная інфармацыя, якая зьмяшчаецца ў актах абсьледаваньня яго матэрыяльна-бытавых умоў пражываньня, выдадзеных установай Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Так, адзін з актаў выдадзены яму на блянку старога ўзору, форма якога адмененая ўжо больш за год таму, а інфармацыя, зьмешчаная ў акце, на яго думку, знарок скажоная. На іншым акце адсутнічаюць подпіс кіраўніка і пячатка ўстановы. Апрача таго, на акце, у парушэньні правілаў вядзеньня справаводзтва, адсутнічае штамп установы і выходны нумар рэгістрацыі.
На думку Валерыя Місьнікава, у дзеяньнях работнікаў Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну утрымліваецца склад правапарушэньня, прадугледжанага артыкулам 9.6 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях (Адмова ў дачы грамадзяніну інфармацыі). Згодна з гэтым артыкулам, незаконная адмова службовай асобы ў дачы грамадзяніну сабраных у вызначаным парадку дакумэнтаў і матэрыялаў, якія непасрэдна закранаюць яго правы, свабоды і законныя інтарэсы, альбо дача яму няпоўнай або наўмысна скажонай інфармацыі цягне накладаньне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь.
Валер спадзяецца, што пракурор Віцебску Юры Раманоўскі з усёй адказнасьцю паставіцца да яго заявы, належным чынам правядзе праверку і дасьць прававую ацэнку дзеяньням работнікаў Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну Віцебску, дзякуючы чаму ў яго зьявіцца магчымасьць атрымаць прадугледжанае законам сацыяльнае жытло.