Па сваім вызваленьні Андрэй Гайдукоў распавёў: «Маральна я адчуваю сябе выдатна, а фізычна трэба адпачыць і аднавіць сілы. Але ў цэлым лепш, чымся там. Дык што настрой нармальны, плянаў дастаткова, і ёсьць, чым заняцца».
Былы палітвязень адзначыў, што ўсяго ён прайшоў 10 этапаў: «Калі мяне арыштавалі, адразу адправілі на месяц у КДБ, потым павезьлі ў Віцебскі СІЗА - таксама амаль на месяц, потым назад у КДБ - на пяць месяцаў, і зноў назад у Віцебск - на тры месяцы. Пасьля ў ВК-19 - на сем месяцаў, а адтуль, пад канец тэрміну, - на месяц у «Віцьбу-3», каб я адчуў і параўнаў усё «хараство» гэтай сыстэмы».
«Горш за ўсё сядзелася, вядома, у СІЗА КДБ. Там вельмі халодна. А ўзімку знаходзіцца там было наогул немагчыма. Усе спалі ў куртках, але ўсё адно прачыналіся ад холаду. У «Віцьбе-3» мяне на 10 дзён кінулі ў карцэр. Мяне прывезьлі, і дня праз чатыры - адразу ў карцэр. Пакуль я там сядзеў, усе мае дакумэнты незаконна праверылі. То бок я меў зносіны зь людзьмі, якія перадавалі празь мяне скаргі, напрыклад, у пракуратуру. Усё яны гэта праверылі, і нешта забралі», - канстатаваў Андрэй Гайдукоў.
Актывіст упэўнены, што так, як яго, улады могуць пасадзіць кожнага чалавека. «Спачатку мяне і маіх бацькоў неаднаразова папярэджвалі, таму што мы рыхтавалі рэгістрацыю «Саюзу маладых інтэлектуалаў». У мяне ўжо быў цалкам гатовы пакет для Мін’юсту, патрэбна была толькі ўстаноўчая канфэрэнцыя, але за тры дні да яе мяне арыштавалі. Да гэтага мы шукалі фінансаваньне на сваю дзейнасьць, зьвярталіся ў розныя фонды, у тым ліку ў фундацыю амбасады ЗША ў Летуве. Але адказаў не было. Потым прыйшоў адказ нібыта з фундацыі амбасады ЗША, які насамрэч напісаў супрацоўнік віцебскай контрвыведкі», - сказаў ён.
Пры гэтым Андрэй Гайдукоў адзначыў, што ў шпіянажы яго не абвінавачвалі: «Я быў затрыманы па тым самым артыкуле, паводле якога мяне судзілі і які прадугледжвае да двух гадоў пазбаўленьня волі. Мінула тры дні пасьля затрыманьня, і мяне трэба было адпускаць пад падпіску аб нявыезьдзе. Але паколькі я не даваў патрэбных паказаньняў, нікога не здаваў і не рабіў таго, чаго яны хацелі, яны перакваліфікавалі абвінавачваньне на «замах на здраду дзяржаве, пагрозу нацбясьпецы, зьвяржэньне дзеючага канстытуцыйнага ладу, перадачу інфармацыйных і аналітычных справаздач». Па гэтым абвінавачваньні сем месяцаў ішло сьледзтва. Але на судзе ўсё пачало развальвацца. Плюс дало грамадзкі рэзананс апублікаваньне майго ліста. Гэта значыць арыштавалі мяне паводле артыкулу за «злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі», праз тры дні перакваліфікавалі яго ў «асабліва цяжкае» - ад 7 да 15 гадоў, а на судзе ўсе лёгка вярнулі назад. З ксяндзом Лазарам было нешта падобнае».
Нагадаем, 1 ліпеня 2013 году актывіста апазыцыі Гайдукова прызналі вінаватым у спробе ўстанаўленьня кантактаў з замежнай выведкай і прысудзілі да 1,5 гадоў калёніі. Прысуд яму вынес Віцебскі абласны суд, а паседжэньне праходзіла ў закрытым рэжыме.
Паводле svaboda.org і charter97.org