19-гадовая навучэнка аднаго з віцебскіх ліцэяў Марыя Амасовіч ад 26 красавіка не выходзіла на сувязь. Як стала вядома, дзяўчына была затрыманая за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 24.23 КаАП). Яна знаходзіцца ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) на вуліцы Гагарына.

27 красавіка была затрыманая 23-гадовая выхавальніца дзіцячага садку ў Віцебску Лізавета Кірыенка. Бацькі пакуль не ведаюць, за што канкрэтна затрымалі дачку, але тое, што з палітычных прычын, не выклікае сумненняў. Лізавета знаходзіцца зараз у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). Маці паведаміла, што ў кватэры, якую здымае яе дачка, пройдзе ператрус.

25 красавіка з віцебскага СІЗА пасля чарговых 10 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю 62-гадовы віцебскі актывіст Мікола Качурэц. Неўзабаве пасля сустрэчы з жонкай і сябрамі ён быў ізноў затрыманы – разам з жонкай Марынай. Але праз паўтары гадзіны іх выпусцілі з Першамайскага РАУС без складання пратаколу.

36-гадовага жыхара Віцебску Вадзіма Ермаловіча затрымалі 14 красавіка недалёка ад дзяржаўнай мяжы з Літвой. Мужчына знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе. На яго была заведзеная крымінальная справа за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Па версіі следства, ён у Тэлеграм-чаце «Vitebsk_Юг» абразіў камандзіра менскага АМАПу палкоўніка Дзмітрыя Балабу.

На досвітку 15 красавіка ў Віцебску быў затрыманы 62-гадовы актывіст Мікола Качурэц. Паводле інфармацыі, атрыманай ад жонкі Качурца, яго затрымалі нібыта з той прычыны, што меў не адбытыя 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля затрымання віцяблянін знаходзіўся ў Першамайскім РАУС Віцебску.