27 траўня суд Віцебскага раёну пачаў паўторна разбіраць адміністрацыйную справу Марыі Волкавай і Андрэя Кулакова, якіх вінавацілі ў тым, што 26 верасня яны нанеслі «разнастайныя надпісы і сімвалы» на сцяне ў вёсцы Лучынаўка Віцебскага раёну (на той час – паводле арт. 23.34 КаАП). 27 кастрычніка суд прызнаў Волкаву вінаватай і аштрафаваў на 15 базавых велічынь (справу ў дачыненні Кулакова спынілі). Але праз 8 месяцаў пасля суду пракуратура апратэставала тое рашэнне і накіравала справу на новы разгляд.
Справу разбірае суддзя Таццяна Лабацкая. Марыя Волкава і Андрэй Кулакоў, які ўдзельнічае ў працэсе праз скайп, віны не прызналі. Пасля апытання аднаго са сведкаў-міліцыянтаў суддзя пастанавіла накіраваць справу на дапрацоўку ў міліцыю.
Па завяршэнні судовага паседжання да Марыі Волкавай падышоў мужчына ў штацкім адзенні, прад'явіў пасведчанне следчага СК і папрасіў дзяўчыну праехаць разам з ім. На пытанне адвакаткі, з якой нагоды той патрабуе «праехацца», супрацоўнік адказаў: «Там даведаецеся». Волкава знаходзіцца ў СК разам з адвакаткай.
Праз паўтары гадзіны пасля затрымання Марыя на сувязь не выходзіць.
У 17.50 стала вядома, што Марыю Волкаву адпусцілі са следчага камітэту, але яна пакуль не на сувязі.
Стала вядома, што з Марыяй усё добра, але дзяліцца інфармацыяй яна не можа: дала падпіску аб неразгалошванні.
Зміцер Міраш