«Недзе ў 12.50, гляджу, паставыя некалькі разоў паўз мяне прайшлі. А потым сталі здалёк і за мной сочаць. Ну праз пару хвілін прыехала міліцэйская машына. Падышоў лейтэнант і кажа: «А што вы тут гандлюеце без дазволу?» Я яму: «Я не гандлюю – я распаўсюджваю, вялікая розніца!» А ён: «Ну тады паехалі ў Чыгуначны РАУС, трэба з вамі правесці прафілактычную размову», – расказаў па вызваленні з пастарунку Барыс Хамайда.
З ягоных словаў, у Чыгуначным РАУС яго апыталі. Цікавіліся, чаму ў яго парасон бел-чырвона-белага колеру і стужка такая ж. Папярэдзілі і параілі пазбягаць гэткім чынам пафарбаваных прадметаў. Пратакол апытання Хамайда падпісваць адмовіўся. Пасля гэтага мужчыну адпусцілі.
«У мяне такое ўражанне пасля сённяшняга затрымання, што яны нейкую справу на мяне кляпаюць. Нешта хочуць павесіць. Штосьці яны збіраюць, таму што ўсё гэта невыпадкова», – мяркуе Барыс Хамайда.
Гэта было ўжо чацвёртае ў гэтым годзе затрыманне Барыса Хамайды і другое – па выпісцы 17 траўня з лякарні, дзе актывіст 25 дзён змагаўся з каронавірусам. Да сённяшняга затрымання Хамайду забіралі і на мінулым тыдні – 27 траўня: таксама папярэдзілі і адпусцілі. Узімку ён атрымаў папярэджанне ад пракуратуры.
Цяпер Барыс Хамайда на волі. Ён паведаміў па тэлефоне, што з ім усё ў парадку.
Зміцер Міраш