Паводле інфармацыі мамы Лізаветы Святланы, якая збіралася сустрэць дачку на выхадзе з ізалятару, яе дачку затрымалі яшчэ на трое сутак.
«Добры дзень, Кірыенка Лізавета затрыманая яшчэ на 72 гадзіны без тлумачэння прычын», – даслала паведамленне праваабаронцам спадарыня Святлана, спасылаючыся на адваката дачкі. Больш дакладнай інфармацыі пакуль няма.
Як лічыць віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, дзяўчыну маглі затрымаць паводле новай адміністрацыйнай справы, але маглі і ў межах крымінальнай.
Нагадаем, Лізавета Кірыенка была затрыманая ў Віцебску ўвечары 26 красавіка разам з Марыяй Амасовіч. У дзень чарнобыльскай трагедыі на прыступках Уваскрасенскага храму яны запалілі дзве чырвоныя лампадкі. Суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам (арт. 24.23 КаАП) і прысудзіў Лізавеце 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а Марыі – 20 сутак.
Лізавета Кірыенка працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Пасля затрымання ў кватэры, якую яна здымае ў Віцебску, прайшоў ператрус.
Уладзімір Бяляўскі