Паводле пратаколу, Вячаслаў Лазараў 4 кастрычніка, не маючы акрэдытацыі журналіста замежнага СМІ, апублікаваў на тэлеграм-канале «Белсат» фотаздымкі з маршу пратэсту, які праходзіў у той дзень у Віцебску.
Лазараў часткова прызнаў сваю віну. Ён не адмаўляў, што 4 кастрычніка рабіў фотарэпартаж з маршу пратэсту. Свае здымкі ён перасылаў рэдактару праз тэлефон у закрыты тэлеграм-канал. Між тым, журналіст не пагадзіўся з тым, што публікаваў іх у сеціве. Акрэдытацыі журналіста ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку Лазараў не меў, але мелася рэдакцыйнае заданне, якое і выконваў.
Пасля вывучэння судом матэрыялаў справы адвакат Лазарава Дзяніс Ястраб прапанаваў справу спыніць праз недаказанасць віны журналіста, якая не знайшла аніякага пацверджання. Аб’ектыўныя доказы віны журналіста ў матэрыялах справы адсутнічалі. У суд не былі перададзеныя фотаздымкі, вырабленыя Лазаравым і нібыта размешчаныя ў тэлеграм-канале «Белсату».
Суддзя Ілля Белавус выслухаў абаронцу і пастанавіў вярнуць справу ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску для выпраўлення недахопаў.
С. Горкі