Справу Ганны Рошчынскай разбіраў суддзя Ілля Белавус. Інтарэсы дзяўчыны ў судзе бараніў адвакат.
Паводле міліцэйскага пратаколу, Ганна ўзяла актыўны ўдзел у «несанкцыяваных шэсцях», якія прайшлі ў Віцебску 13 і 20 верасня. У якасці доказаў у матэрыялах справы меліся аператыўныя відэазапісы супрацоўнікаў МУС, а таксама рапарт маёра міліцыі Вадзіма Склімянка. Па словах Ганны Рошчынскай, міліцэйскія відэа выклікалі шмат пытанняў.
«Там наагул нічога немагчыма даказаць па тых відэа! Абсалютна было незразумела, калі, кім і дзе рабіліся здымкі, – воку няма за што зачапіцца. Проста людзі ідуць – і ўсё. У мяне не было сцяга, я нічога не выкрыквала і не пляскала ў далоні», – падзялілася Ганна.
Тым не менш, суддзя Белавус палічыў доказы віны Ганны дастатковымі. Ён прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 12 базавых велічынь (324 рублі).
«Гэта проста цырк нейкі!» – сказала пасля суду Ганна Рошчынская. Яна збіраецца абскардзіць рашэнне ў Віцебскім абласным судзе.
Ганна Рошчынская – кандыдатка ў майстры спорту па лыжных гонках, працавала таксама масажысткай у нацыянальнай зборнай Беларусі па лыжах, зараз атрымлівае другую вышэйшую адукацыю.
Зміцер Міраш