Кіраўнік Віцебскай абласной філіі БНФ Кастусь Смолікаў і віцябляне Алесь Вендт і Іван Казлоў былі затрыманыя 25 сакавіка, а потым змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны. Іх вызвалілі ў нядзелю 28 сакавіка. Праз дзень адбыўся суд. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў.
«25 сакавіка з бела-чырвоным шалікам з надпісам «Жыве Беларусь! Беларусь за Мілінкевіча!» ўзяў удзел у пікетаванні: на знак абвяшчэння незалежнасці БНР знаходзіўся каля помніку Вялікаму князю ВКЛ Альгерду разам з Казловым і Смолікавым», – напісалі міліцыянты ў пратаколе Алеся Вендта.
У дачыненні да іншых удзельнікаў працэсу пратаколы ўтрымлівалі такія ж фармулёўкі, але ўдакладнялася, што шалік быў не ў iх.
Як патлумачыў на судзе Алесь Вендт, ён хацеў сустрэцца ў цэнтры з Кастусём Смолікавым і пайсці ў кавярню, каб пагутарыць і адзначыць свята.
«Мы хацелі паразмаўляць, прысесці на лаўку каля Альгерда. Прыпынак быў поўны, і там няма дзе было прысесці», – сказаў Алесь.
Каля прыпынку ж ён выпадкова сустрэў свайго знаёмага Івана Казлова, які проста падышоў павітацца – і быў затрыманы «прычэпам».
Як вынікае з рапарту, складзенага супрацоўнікам МУС Віталём Пралічам, «паводле інфармацыі неўстаноўленай асобы, было ўстаноўлена, што каля помніку Альгерду знаходзіцца група грамадзян, якія маюць пры сабе шалік бела-чырвонага колеру, а таксама палотнішча бел-чырвона-белага колеру. У ходзе выбыцця нараду ППС былі ўстаноўленыя і затрыманыя Вендт, Казлоў, Смолікаў».
Пры аглядзе асабістых рэчаў у Алеся Вендта сапраўды быў знойдзены БЧБ-сцяг, які ляжаў у падарункавы пакеце. Па словах Алеся, і гэта пацвярджае відэазапіс, прагледжаны ў судзе, сцяг з пакету не даставаўся.
Якім чынам «неўстаноўленая асоба» ведала пра знаходжанне ў пакеце сцяга, засталося загадкай.
Сам жа Віталь Праліч на суд не з'явіўся, хаця суддзя на пачатку працэсу казаў пра заяўленых сведкаў-міліцыянтаў.
«Калі б мы хацелі правесці масавае мерапрыемства, мы б яго правялі. І ў прынцыпе, нічога нам не замінала яго правесці. Але насамрэч мы з сябрам хацелі проста папіць кавы ці піва і каля Альгерда вырашалі, куды лепш пайсці», – сказаў Кастусь Смолікаў.
Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў мужчын вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 24.23 КаАП). Кіраўнік абласной філіі БНФ Кастусь Смолікаў асуджаны на 12 сутак, Алесь Вендт – на 13, а Іван Казлоў – на 10 сутак адміністрацыйнага
арышту.
Рашэнне суду не набыло законнай моцы. Суддзя даў віцяблянам 5 сутак на абскарджанне пастановы. Пасля суду іх не затрымалі.
Уладзімір Бяляўскі