Серада, 20 Студзень 2021

Суддзя Царыкаў спыніў справу яшчэ трох удзельніц «пікету ў лесе», але прабачэння не папрасіў

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Абвінавачаныя жанчыны перад пачаткам суду Абвінавачаныя жанчыны перад пачаткам суду

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 20 студзеня разгледзеў адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевіч, затрыманых 13 студзеня ў лесе за станцыяй «Лучоса» і абвінавачаных паводле арт. 23.34 КаАП. Суддзя Царыкаў не выявіў у матэрыялах справы сведчанняў датычнасці грамадзянак да правядзення несанкцыянаванага пікетавання ў Шпілеўскім лесе і справу спыніў.

Нагадаем, днём раней, 19 студзеня, суддзя Вераніка Барысава (суд Першамайскага раёну) прынесла афіцыйнае прабачэнне ў сувязі са спыненнем аналагічнай справы. 20 студзеня суддзя Уладзімір Царыкаў задаволіў хадайніцтва Людмілы Валадкевіч і далучыў да матэрыялаў справы пастанову, вынесеную судом Першамайскага раёну.

Паводле пратаколу, грамадзянкі праводзілі ў лесапаласе несанкцыянаванае пікетаванне: размахвалі сцягамі, фатаграфаваліся і такім чынам выказвалі свае грамадска-палітычныя перакананні.

Усе ўдзельніцы працэсу з пратаколам не пагадзіліся. Назвалі абвінавачванні надуманымі і абсурднымі.

Найбольш падрабязныя тлумачэнні, датычныя наведвання і затрымання ў лесапаласе ля станцыі Лучоса давала Людміла Камінская. Людміла Валадкевіч і Раіса Кухто расповед Камінскай цалкам падтрымалі. Апроч нематываванага затрымання ў лесе, жанчын абурыў і той факт, што пасля апытання ў Першамайскім РАУС іх адпусцілі, але праз тры хвіліны зноў затрымалі на вуліцы. Чым было выкліканае паўторнае затрыманне – ім ніхто не патлумачыў. Ноч давялося правесці ў ІЧУ.

У судовым паседжанні быў апытаны маёр Вадзім Склімянок. Ніякіх фактаў, якія б пацвердзілі датычнасць удзельніц спартовага шпацыру ў лесе да «несанкцыянаванага пікетавання» ён не прад’явіў.

Вывучыўшы матэрыялы справы ў межах аб’яднанага адміністрацыйнага працэсу, суддзя Царыкаў вылучыў тры акалічнасці. Па-першае, звярнуў увагу на сістэму фіксацыі галасавых паведамленняў, якая ў РАУС не працавала, што не дазволіла высветліць асобаў, якія два разы ананімна тэлефанавалі туды і паведамлялі пра пікет. Па-другое, на пададзеных суду відэафайлах жанчыны ніякімі сцягамі не размахваюць. І па-трэцяе, згодна пратаколу, у асабістых рэчах грамадзянак Кухто, Камінскай і Валадкевіч ніякіх сцягоў не было знойдзена.

Суд таксама ўлічыў, што ўсе жанчыны ад пачатку затрымання і ў судовым паседжанні назвалі спартовыя заняткі мэтай свайго візіту ў Шпілеўскі лес. З улікам вышэй пералічанага суд не знайшоў сведчанняў таго, што Кухто, Камінская і Валадкевіч «бралі актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў адміністрацыйныя справы, распачатыя паводле ч.1 арт.23.34 КаАП у дачыненні да Людмілы Каменскай, паводле ч.3 арт. 23.34 у дачыненні да Людмілы Валадкевіч і Раісы Кухто спыніць.

С. Горкі