Пятніца, 26 Сакавік 2021

Крысціне Юдзінай прысудзілі 25 сутак арышту. Ці судзілі Смолікава – невядома

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Крысціна Юдзіна. Фота: facebook.com Крысціна Юдзіна. Фота: facebook.com

Суд над затрыманай на Дзень волі ў Віцебску Крысцінай Юдзінай прайшоў на тэрыторыі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ). Ёй прысудзілі 25 сутак арышту. Ці адбыліся суды над іншымі віцяблянамі, якіх затрымалі 25 сакавіка, у тым ліку над кіраўніком абласной філіі БНФ Кастусём Смолікавым, пакуль невядома. З пэўнасцю можна сказаць толькі тое, што яны не на волі.

25 сакавіка ў Віцебску быў затрыманы кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Кастусь Смолікаў, разам з ім – віцябляне Алесь Вендт і Іван Казлоў. Затрымалі таксама 18-гадовага Руслана Яневіча і 21-гадовую Крысціну Юдзіну. У той жа дзень усіх кінулі ў ІЧУ. Прозвішчы іншых затрыманых высвятляюцца. 

Інфармацыі пра тое, за што былі затрыманыя грамадзяне і ў чым іх абвінавачваюць, здабыць не ўдалося.

26 сакавіка, віцебскія журналісты спрабавалі даведацца, калі і дзе адбудуцца суды над затрыманымі, але ні ў водны раённы суд справы віцяблян не паступалі.

Толькі пасля абеду стала вядома пра вынік суду над Крысцінай Юдзінай, які прайшоў у будынку віцебскага СІЗА-2. Як стала вядома, суддзя Вераніка Барысава (суд Першамайскага раёну) на выязным паседжанні пакарала Юдзіну адміністрацыйным арыштам на 25 сутак. Меркавана – за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП).

Ці прайшлі суды над іншымі затрыманымі – немаведама.

Зміцер Міраш