Віцебскі абласны суд 16 верасня вынес рашэнне ў крымінальнай справе 27-гадовага жыхара Наваполацку Яўгена Харашкевіча. Мужчыну абвінавачвалі адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Рашэнне агучыў суддзя Андрэй Прэйс. Бок абвінавачання прадстаўляў пракурор Аляксандр Філімонаў. Суд над Харашкевічам праходзіў у закрытым рэжыме.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 16 верасня разбіралі адміністрацыйную справу, заведзеную за «несанкцыянаваная масавае мерапрыемства» (арт. 24.23 КаАП) на прадпрымальніка Уладзіміра Пунько. На яго склалі пратакол за бел-чырвона-белую сурвэтка, якую супрацоўнік МУС пабачыў у салоне аўтамабіля Пунько. Суд палічыў гэта за «несанкцыянаванае пікетаванне» і адправіў уласніка аўто і сурвэткі на 20 сутак у мясцовы ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).

15 верасня суд Полацкага раёну і гораду Полацку пакараў адміністрацыйным арыштам на 7 сутак лекара-псіхіятра Полацкай абласной псіхіятрычнай лякарні Віталя Савіцкага за перапост артыкулу ў сацыяльнай сетцы. Рашэнне аб арышце лекара прыняў суддзя Віктар Баліка. Пратэстуючы супраць несправядлівага, на ягоную думку, рашэння, Віталь Савіцкі заявіў пра пачатак галадоўкі адразу пасля абвяшчэння прысуду.

13 верасня пасля 5 сутак, праведзеных за кратамі наваполацкага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), на волю выйшла жонка ўдзельніка стачкі на «Нафтане» Аляксея Маліноўскага Юлія, паведамляе «Стачкам ААТ «Нафтан». Маці дваіх дзяцей Юлію Маліноўскую затрымалі ў Наваполацку 8 верасня за наклейку на аўтамабілі і судзілі па двух адміністрацыйных артыкулах.

Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў 50-гадовага дырэктара прыватнага прадпрыемства Міхаіла Захаранку вінаватым у гвалце да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ). Суддзя Наталля Карабліна пастанавіла накіраваць яго на тры гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Супрацоўнікі міліцыі абвінавачвалі мужчыну ў тым, што ён «прыняў стойку са сціснутымі кулакамі» і пагражаў ім ужываннем гвалту.