Як стала вядома актывістам стачкаму, Юлію Маліноўскую вінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП), а таксама ў распаўсюдзе, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 19.11 КаАП).
Справу 10 верасня разглядала сумна вядомая суддзя Зінаіда Балаболава. Яна прызнала Маліноўскую вінаватай па абодвух артыкулах і аштрафавала жанчыну агулам на 230 базавых велічынь (6670 рублёў): 200 базавых велічынь – паводле арт. 24.23 і 30 базавых – паводле арт. 19.11.
Як паведамляе стачкам, пасля таго, як было вынесенае рашэнне па справе, проста ў зале суду Юліі Маліноўскай выставілі яшчэ адно абвінавачанне – за рэпост у сацсетках навіны «Белсату» пра стачку на «Нафтане» (рэпост нібыта быў зроблены яшчэ ў сакавіку 2021 году).
Выйсці на сувязь з Юліяй Маліноўскай, каб удакладніць і пацвердзіць інфармацыю аб абвінавачанні, пакуль не ўдалося.
Янка Прас