У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 16 верасня разбіралі адміністрацыйную справу, заведзеную за «несанкцыянаваная масавае мерапрыемства» (арт. 24.23 КаАП) на прадпрымальніка Уладзіміра Пунько. На яго склалі пратакол за бел-чырвона-белую сурвэтка, якую супрацоўнік МУС пабачыў у салоне аўтамабіля Пунько. Суд палічыў гэта за «несанкцыянаванае пікетаванне» і адправіў уласніка аўто і сурвэткі на 20 сутак у мясцовы ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).

15 верасня суд Полацкага раёну і гораду Полацку пакараў адміністрацыйным арыштам на 7 сутак лекара-псіхіятра Полацкай абласной псіхіятрычнай лякарні Віталя Савіцкага за перапост артыкулу ў сацыяльнай сетцы. Рашэнне аб арышце лекара прыняў суддзя Віктар Баліка. Пратэстуючы супраць несправядлівага, на ягоную думку, рашэння, Віталь Савіцкі заявіў пра пачатак галадоўкі адразу пасля абвяшчэння прысуду.

13 верасня пасля 5 сутак, праведзеных за кратамі наваполацкага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), на волю выйшла жонка ўдзельніка стачкі на «Нафтане» Аляксея Маліноўскага Юлія, паведамляе «Стачкам ААТ «Нафтан». Маці дваіх дзяцей Юлію Маліноўскую затрымалі ў Наваполацку 8 верасня за наклейку на аўтамабілі і судзілі па двух адміністрацыйных артыкулах.

Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў 50-гадовага дырэктара прыватнага прадпрыемства Міхаіла Захаранку вінаватым у гвалце да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ). Суддзя Наталля Карабліна пастанавіла накіраваць яго на тры гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Супрацоўнікі міліцыі абвінавачвалі мужчыну ў тым, што ён «прыняў стойку са сціснутымі кулакамі» і пагражаў ім ужываннем гвалту.

Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вартаўніка-жывёлавода Міхаіла Лінтоўскага, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэксe) у судзе Мёрскага раёнe адбыўся яшчэ 27 жніўня. Справу разглядала суддзя Ірына Яскевіч, бок дзяржабвінавачання прадстаўляла намесніца пракурора Мёрскага раёнe Святлана Раманоўская – піша «Наша Ніва».