Віцебскі абласны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Браслаўскага раённага грамадскага аб’яднання літоўцаў «Рытас» («Ritas»), якое праіснавала 22 гады. Грамадскае аб’яднанне было зарэгістравана ў вёсцы Адымянішкі Браслаўскага раёну і мела каля 100 удзельнікаў. Дзейнасць арганізацыі была накіравана на стварэнне ўмоў для нацыянальнага самавыяўлення, захавання літоўскай мовы, гісторыі, звычаяў і традыцый літоўцаў Браслаўшчыны.

У Віцебскім абласным судзе 7 кастрычніка быў вынесены прысуд паводле ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) КК палітзняволенаму Сяргею Давівелю. Суддзя Віцебскага абласнога суда Галіна Бондал прызнала Сяргея вінаватым і прызначыла яму пакаранне тэрмінам на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пасяджэнне праходзіла ў закрытым фармаце.

У судзе Глыбокскага раёна 7 кастрычніка была разгледзена адміністрацыйная справа Вадзіма Хлуса. На падставе матэрыялаў справы суд прызнаў грамадскага актывіста Хлуса вінаватым у “распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці” і пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 7 сутак.

У судзе Глыбокскага раёна 7 кастрычніка была разгледзена адміністрацыйная справа фатографа і відэааператара Леаніда Юрыка. На падставе міліцэйскіх пратаколаў суд прызнаў медыйшчыка вінаватым у “распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці” і пакараў адміністрацыйным арыштам на 5 сутак.

Жыхарка Наваполацка Настасся Савуляк патэлефанавала на «гарачую лінію» у міліцыю і выказалася на адрас Аляксандра Лукашэнкі – як палічылі эксперты, «у ненарматыўнай форме». Інцыдэнт здарыўся 26-га красавіка – праз колькі дзён, як жанчына адсвяткавала сваё 37-годдзе. Суд адбыўся толькі цяпер, Настассю Савуляк прызналі вінаватай паводле ч.1 артыкула 368 Крымінальнага Кодэксу.