Пятніца, 11 Жнівень 2023

За падтрымку Украіны ўлады арыштавалі на 13 сутак працаўніка «Паліміра»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Наваполацка Таццяна Хрыпач 27 ліпеня пастанавіла за правядзенне недазволенага ўладамі пікета ў сацыяльных сетках арыштаваць на 13 сутак апаратчыка палімерызацыі цэха №102 ААТ "Нафтан" завода "Палімір" бегуна на доўгія дыстанцыі Андрэя Беразоўскага.

У судовым паседжанні было ўстаноўлена, што «правапарушальнік» у парушэнні закона без Наваполацкага гарвыканкама, выказваў грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы, шляхам апублікавання ў агульным доступе на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" для азнаямлення іншымі карыстальнікамі фатаграфіі сябе і выявы з надпісам «Слава Украіне» на фоне сіне-жоўтага колеру.

 У судовым паседжанні Беразоўскі прызнаў, што з 24.02.2022 да 21.07.2023, з дапамогай мабільнага тэлефона, падлучанага да сеткі Інтэрнэт, на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы здзейсніў разумнае яму дзеянне.

Зыходзячы з прад'яўленых работнікамі міліцыі доказаў і прызнанняў самога Беразоўскага, суддзя Хрыпач прыйшла да высновы, што ён ажыццявіў пікетаванне ў парушэнне ўстаноўленага парадку яго правядзення і пастанавіла ў адпаведнасці з ч.1 арт.24.23 КаАП пакараць мужчыну арыштам на 13 сутак.

Ігнат Суворын