Субота, 12 Жнівень 2023

Суддзя Талачынскага райсуду, якая карала людзей па палітычных справах, атрымала падвышэнне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

21 ліпеня Наталля Барысавец прысудзіла штраф памерам 1110 рублёў шматдзетнай маці, пакараўшы яе за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. І літаральна праз два тыдні яе прадстаўлялі на новай пасадзе новаму калектыву – яна стала старшынёй Сенненскага раённага суда. Былую старшыню Інну Досаву ссунулі ў шэраговыя суддзі.

На старым месцы працы ў Талачынскім райсудзе Наталлі Барысавец даручалі разбіраць палітычныя адміністрацыйныя справы. Штрафам памерам 30 базавых велічынь яна пакарала маці трох дзяцей Вікторыю Казун – за тое, што тая мела на сваёй старонцы ў «Одноклассниках» паведамленні аднаго са СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім».

Яна ж аштрафавала на 2590 рублёў Віталя Шалупіна, электраманцёра з паселка Коханава – за тое, што ў сацыяльнай сетцы "Facebook" ён размясціў выяву бел-чырвона-белых палос, суддзя Наталля Барысавец прызнала яго вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні «з мэтай выказвання сваіх асабістых поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця» .

10 красавіка Наталля Барысавец асудзіла да арышта на 7 сутак жыхарку Талачына Кацярыну Васілеўскую -- за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Інтэрнеце. Акрамя таго, суддзя прадмета адмпастанавіла канфіскаваць прадмет адміністрацыйнага правапарушэння мабільны тэлефон "iPhone 6S". Пад арышт жанчына трапіла за падпіску на інтэрнэт-старонку з назвай "NEXTA".

Гэты пералік можна было б працягваць, але Наталля Барысавец і сама стала «гераіняй» судовага працэсу, у выніку якога Суд Фрунзенскага раёна Мінска 15 верасня вынес прысуд жыхарцы Талачынскага раёна Ганне Хадневіч у выглядзе абмежавання волі без накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

У ходзе судовага разбіральніцтва прагучала, што, маючы намер на пасягальніцтва на аўтарытэт і гонар суддзі, 30 лістапада 2020 года ў Мінску на вуліцы Чайлыткі праз мабільны тэлефон у сетцы “Аднакласнікі” ў групе “Вусаты таракан” жанчына размясціла паведамленне, у якім дапусціла знявагу суддзі, чым падарвала прэстыж дейнасці судовай сістэмы.

Суддзя Наталля Барысавец была прызнана пацярпелай у гэтай справе. Яе дапытвалі праз Скайп, і яна казала, што была ў шоку, калі даведалася пра каментрары, якія ўбачылі суседзі, сваякі і знаёмыя. Таму адчула вялікія маральныя пакуты, якія ацаніла ў 3 000 рублёў, запатрабаваўшы кампенсацыі. Таксама яна патрабавала прызначыць самае строгае пакаранне для абвінавачанай.

Суд істотна абмежаваў «апетыты» талачынскай суддзі і пастанавіў, што Ганна Хадневіч мае выплаціць Наталлі Барысавец 1000 рублёў.

Цяпер Наталля Барысавец будзе кіраваць судом у суседнім рэгіёне: паміж райцэнтрамі Талачын і Сянно ўсяго 50 км. Найверагодней, жыхары Сянно ўжо ведаюць, з якім «багажом» да іх прыехала працаваць спадарыня Барысавец.

Лявон Каляда