Канстытуцыйны суд ня стаў разглядаць пытаньне, пастаўленае перад ім віцебскім сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым. Апошні прасіў суд разабрацца з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». На думку палітыка, згаданае рашэньне мясцовых уладаў супярэчыць нормам Канстытуцыі, бо, фактычна, пазбаўляе грамадзян права на мірныя сходы.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску наклаў арышт на 1 400 000 рублёў, якія знаходзяцца на дэпазытным рахунку суду Кастрычніцкага раёну і належаць Тамары Кандаковай. Гэта стала вядома з пастановы судзьдзі Эдгара Марцірасяна ад 21 сакавіка 2013 году па прадстаўленьні судовага выканаўцы суду Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Судзьдзя Першамайскага райсуду аштрафавала сябра КХП-БНФ на падставе міліцэйскага пратакола, дзе было напісана, што ўвечары 25 сакавіка Сяргей Каваленка быў “у стане алькагольнага ап’яненьня”, ды яшчэ “нецэнзурна выказваўся” і “размахваў рукамі”. Актывіст ніводнага з гэтых абвінавачаньняў не прызнаў. Судовы працэс над Сяргеем Каваленкам 26 сакавіка распачала судзьдзя Натальля Карабліна, а пасьля перапынку на тры дні – 29 сакавіка – судзіць актывіста прызначылі іншай судзьдзі, Валянціне Кісьмярошкінай. Чаму так адбылося, прысутным не патлумачылі.

Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў з Гарадка Леанід Гаравы прыяжджаў 25 сакавіка на суд да віцебскіх актывістаў Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС забаранілі спадару Гаравому рабіць фотаздымкі.

Актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку затрымалі ўвечары 25 сакавіка. Ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Паводле актывіста, на яго склалі два пратаколы пра адміністрацыйнае парушэньне – спачатку за пераход вуліцы ў неналежным месцы, потым – за нецэнзурную лаянку. 26 сакавіка а 14:40 яго адпусьцілі з-пад варты ў будынку Першамайскага райсуду, выпісаўшы позву на наступнае судовае паседжаньне 29 сакавіка.