Згодна з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, 23 траўня на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы “Facebook” супрацошнікамі міліцыі былі знойдзены выявы, у якіх, паводле лінгвістычнага заключэння, былі выкарыстаны нацысцкая атрыбутыка і сімволіка для стварэння адназначна адмоўных вобразаў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама намесніка старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева.
На размешчаных выявах гэтыя кіраўнікі Расіі былі паказаны ідэнтычнымі вайскоўцам нацыянал-сацыялістычнай Германіі. Такім чынам “правапарушальнік” намякаў на тое, што Пуцін і Мядзведзеў здзяйсняюць ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці.
Пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні палітвязень віну ў здзяйсненні правіны не прызнаў.
Тым не менш, суддзя Дамініч палічыла, што Машарскі, праз выявы Пуціна і Мядзведзева, публічна прадэманстраваў і распаўсюдзіў нацысцкую сімволіку і аштрафавала яго на 333 рублі, якія ён павінен пералічыць у бюджэт беларускай дзяржавы.
Лідзія Смірнова