Затрыманне «правапарушальніка» адбылося пасля таго, як ягоны сусед Пётр Дударонак данёс у міліцыю аб тым, што на назе ў Берднікава ёсць татуіроўка ў выглядзе герба «Пагоня».
Пры затрыманні Берднікава было ўстаноўлена, што ў яго сапраўды на ікры правай нагі ёсць татуіроўка з выявай герба "Пагоня".
Суд палічыў, што мужчына парушыў Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Г. зн. ён у грамадскім месцы, у прысутнасці грамадзян дэманстраваў татуіроўку ў выглядзе герба "Пагоня", чым без дазволу ўладаў выказваў свае грамадска-палітычныя погляды.
Пры разглядзе справы ў судзе, таксама было ўстаноўлена, што Вадзім у сацыяльнай сетцы «УКантакце» на сваёй старонцы, 10 снежня 2020 г. размясціў і захоўваў інфармацыю, якая змяшчае лагатып «TUT.BY», які ўлады ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Гэтыя два факты далі падставы сцвярджаць суддзі Бясецкаму, што ў дзеяннях Берднікава ўтрымліваецца склад адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных ч.1 арт.24.23 і ч.2 арт.19.11 КаАП РБ. Таму суд вырашыў пакараць мужчыну арыштам: за пікетаванне - на 15 сутак, а за распаўсюджванне «экстрэмізму» - на 10 сутак.
У выніковай пастанове, шляхам складання, улады канчаткова вызначылі для Берднікава спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на 25 сутак.
Ягор Пруднікаў