Віцебскі палітык Сяргей Рыжоў судзіцца з фармацэўтамі
Віцебскі абласны суд накіраваў грамадзянскую справу па пазове заснавальніка Беларускай кансэрватыўнай партыі “Белая Русь” Сяргея Рыжова да віцебскага прадпрыемства «Фармацыя» ў суд Віцебскага раёну. Слуханьне адбудзецца 3 кастрычніка. Сяргей Рыжоў лічыць, што адказчык парушыў ягонае права спажыўца на свабодны выбар тавару і гэтым прычыніў яму маральную шкоду. Канфлікт здарыўся, калі ў адной з аптэк, якая належыць віцебскаму прадпрыемству «Фармацыя», аптэкар-правізар адмовіў Рыжову ў набыцьці лекавага сродку «Аксікорт» без рэцэпту.
Любоў Кавалёва падала наглядную скаргу ў Вярхоўны суд
Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва падала наглядную скаргу. Скарга заняла больш за 50 старонак, яе Любоў Кавалёва падала ў Вярхоўны суд 27 верасьня. “Судзьдзя, які нас прымаў, хацелася б думаць, што ён сур’ёзна паставіцца да гэтай справы. Але ён нават не падымаў вачэй. Машынальна прагледзеў, і тое — толькі папярэднюю скаргу. Сказаў, што скарга прынятая”, — кажа Любоў Кавалёва.
Сяргей Парсюкевіч: Мне здаецца, што я выконваю абавязкі дэпутата мясцовага савету
Каардынатар кампаніі «Гавары праўду» ў Віцебску Сяргей Парсюкевіч падаў 13 верасьня ў Віцебскі гарвыканкам і гарсавет чатыры калектыўных звароты грамадзян з настойлівымі просьбамі аб вырашэньні надзённых праблем. Нагадаем, у канцы жніўня акруговая камісія не зарэгістравала Сяргея Парсюкевіча ў якасьці кандыдата, забракаваўшы подпісы выбаршчыкаў. Цяпер ён прадставіў на разгляд дзейным дэпутатам гарадзкога савету і чыноўнікам гарвыканкаму калектыўныя звароты, пад якімі падпісаліся 600 віцяблян. Гэтыя подпісы – не збракуеш.
Праваабаронца Павал Левінаў праінфармаваў пракурораў аб Канвэнцыі супраць катаваньняў
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў зладзіў кампанію па інфармаваньні ўсіх пракурораў Віцебскай вобласьці аб Канвэнцыі супраць катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых чалавечую годнасьць відаў абыходжаньня й пакараньня. За паўтара месяца ён сустрэўся з 25 пракурорамі, яшчэ двум адаслаў матэрыялы па пошце. Праваабаронца пакідаў пракурорам ў якасьці інфармацыйных матэрыялаў выніковыя заўвагі па Беларусі Камітэту ААН супраць катаваньняў, прынятыя на 47-й сэсіі Камітэту.