У Віцебску зьбілі актывіста БНФ
Зь віцебскім сябрам партыі БНФ Аляксеем Гудзіліным невядомыя правялі «прафіляктычную гутарку». Ад яго запатрабавалі спыніць сваю дзейнасьць і больш не «піярыць» БНФ. Каб малады чалавек лепш зразумеў сказанае, яго зьбілі.
Ліквідатары-чарнобыльцы: Радзіма нас забыла!
Надоечы трое ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – жыхароў Віцебску атрымалі ўкраінскія ўзнагароды, выпушчаныя да 25-х угодкаў трагедыі. Памятным крыжам «25 гадоў Чарнобыльскай катастрофы» быў ганараваны Анатоль Гнеўка, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Знакі ўзнагароды «25 гадоў гераічнага подзьвігу» атрымалі Аляксандар Мікулін і Сяргей Іконьнікаў.
Суд не прызнаў, што ЖРЭТ парушае правы спажыўцоў
Суд у чарговы раз адхіліў патрабаваньні віцебчука Ўладзімера Кірычэнкі, які прасіў прызнаць, што дзеяньні ЖРЭТ Першамайскага раёну Віцебску зьяўляюцца незаконнымі і парушаюць правы спажыўцоў. Паводле разьлікаў пазоўніка, толькі ў верасьні 2012 году ЖРЭТ ў 7,5 разоў завысіў колькасьць цеплавой энэргіі, неабходнай на падагрэў аднаго кубамэтру вадаправоднай вады.
Справа супраць віцебскіх міліцыянтаў-садыстаў зачыненая
Сьледчы камітэт спыніў расьсьледаваньне па крымінальнай справе супраць супрацоўнікаў Першамайскага РАУС Віцебску, якія выбівалі прызнальныя паказаньні ў дзяцей пры дапамозе шрубнікаў і процівагазаў. Справа супраць міліцыянтаў-катаў была ўзбуджаная ў траўні 2011 году. Папярэдняе расьсьледаваньне па факце прымяненьня незаконных мэтадаў вядзеньня сьледзтва апэратыўнікамі Першамайскага РАУС расьцягнулася на паўтара года. І вось надоечы галоўнае ўпраўленьне Сьледчага камітэту паведаміла пацярпелым і іх сваякам пра спыненьне расьсьледаваньня.
Андрэй Гайдукоў: Жыве Беларусь!
Родныя атрымалі першы ліст ад Андрэя Гайдукова, падазраванага, паводле інфармацыі КДБ, у «здрадзе дзяржаве». Некалькі дзён таму наваполацкага актывіста перавялі ў віцебскі СІЗА, і бараніць ягоныя інтарэсы будзе ўжо ня менскі, а віцебскі адвакат. Да пачатку сьнежня Андрэя Гайдукова трымалі ў менскім СІЗА КДБ, а цяпер ён у Віцебску. Дык што замена адваката цалкам лягічная.