Аляксей Кузьмін жыве акурат ля чыгункі. Таму і ўсе зьмены на гэтым участку ад аграгарадка Бабінічы да станцыі Руміна адбываюцца ў яго на вачох. Аляксей Кузьмін, жыхар аграгарадка Бабінічы: «Здарылася гэта ў мінулым годзе, калі захварэў лес і ўсё павыразалі. Наогул незразумела, хто тут прыяжджае: і зь лясгасу, і не зь лясгасу. Незразумела, як яны тут бярвёны бяруць. У выніку атрымалася вось такое».
Буйнагабарытныя машыны сапсавалі дарогу так, што легкавік да чыгункі, як гэта было раней, не пад'едзе. Зрэшты, рэч не столькі ў машынах, колькі ў людзях.
Каб дабрацца да станцыі, мясцовыя жыхары адразу абуваюць гумовыя боты ці ж пераабуваюцца каля дрэва. Тыя ж, хто ня мае такога патрэбнага абутку, абуваюць на ногі поліэтыленавыя пакеты.
Прыкладна ў такім выглядзе на станцыю Руміна з Бабініч ідуць і работнікі чыгункі, і пасажыры. Зрэшты, апошніх тут у сэзон дажджоў практычна няма. І гэта нягледзячы на тое, што студэнтам з аграгарадка да сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласьці адсюль дабрацца прасьцей і таньней.
Вольга Грук, начальнік чыгуначнай станцыі Руміна: «Студэнты не ідуць на нашу станцыю, яны едуць да Воршы, потым з Воршы едуць, дапусьцім, у Пагодзіна, у акадэмію. І тое самае з акадэміі: яны едуць да Воршы і потым аўтобусам прыяжджаюць. Бо ад нас ісьці вельмі складана».
Выходзіць, праезд да Горак тым жа студэнтам абыходзіцца даражэйшым разы ў чатыры і займае куды больш часу. Як запэўніваюць мясцовыя жыхары і работнікі станцыі, яны неаднаразова зьвярталіся ў сельвыканкам. Вусна. Кіраўніцтва нават выяжджала на месца. Аднак у прысутнасьці журналістаў паведамілі, што чуюць аб праблеме ўпершыню.
Марына Матвеева, старшыня Бабініцкага сельскага выканаўчага камітэту: «Па гэтым участку дарогі, пад'язная дарога да станцыі Руміна, у 2014 годзе людзі не зьвярталіся. Праблема паўстала менавіта цяпер, бо сырыя ўмовы надвор'я».
Між тым, праблеме, наракаюць людзі, ужо ня першы год. І вырашаць яе на мясцовым узроўні чыноўнікі не сьпяшаюцца. У Аршанскім жа райвыканкаме пра сытуацыю даведаліся толькі ад журналістаў.
Аляксандар Пальвінскі, выконваючы абавязкі намесьніка старшыні Аршанскага райвыканкаму па пытаньнях ЖКГ і будаўніцтва: «Калі гэтая праблема ўзьнятая, мы, вядома ж, зьвернем на яе ўвагу і будзем шукаць сродкі, каб зладзіць там нармальнае злучэньне транспартнае, паміж гэтымі двума пунктамі».
А пакуль, прынамсі ў гэтым сэзоне дажджоў, у пасажыраў ёсьць толькі два варыянты: раскашэліцца на гумовыя боты або зьмяніць чыгуначны транспарт на аўтамабільны. У абодвух выпадках лішнія выдаткі непазьбежныя.