У той дзень незалежны глыбоцкі журналіст Зьміцер Лупач ішоў у аддзел эканомікі райвыканкаму, каб вырашыць пытаньне наконт індывідуальнага прадпрымальніцтва. На ўваходзе міліцыянт-ахоўнік папрасіў яго паказаць зьмесьціва сумкі, убачыў фотаапарат і не дазволіў зайсьці ў будынак. Супрацоўнік міліцыі заявіў, што “з прафэсійнымі фота- і відэакамэрамі праход у будынак забаронены” і спаслаўся на распараджэньне кіраўніцы спраў выканкаму Іны Пачопкі.
Адзін зь відаў прадпрымальніцкай дзейнасьці Зьмітра Лупача – гэта якраз фатаграфаваньне, у тым ліку вясельляў. А глыбоцкі ЗАГС месьціцца менавіта ў будынку выканкаму. Таму 3 сакавіка спадар Лупач пайшоў на прыём да кіраўніцы спраў райвыканкаму. Яна сказала, што адказныя асобы ўсё гатовыя патлумачыць пісьмова, калі журналіст і прадпрымальнік зьвернецца да іх з афіцыйным зваротам.
Зварот быў складзены. Спадар Лупач прасіў патлумачыць, на якіх падставах яму забаранілі ўвайсьці ў будынак з фотаапаратам, ды таксама якая фота- і відэатэхніка лічыцца “прафэсійнай”, на думку міліцэйскай аховы будынку.
Адказ прыйшоў роўна праз 15 дзён, і зь яго вынікае, што міліцыянт-ахоўнік займаецца самаўпраўствам, спадар Лупач:
“У лісьце сказана, што ніякіх афіцыйных дакумэнтаў, якія рэглямэнтуюць правілы пропуску ў райвыканкам, не існуе. Ёсьць толькі “меркаваньне”, зь якім мяне лічаць неабходным азнаёміць. На думку чыноўнікаў, чалавек, які зьбіраецца нешта фатаграфаваць у райвыканкаме, мусіць папярэдзіць кіраўніцтва раёну і папрасіць дазволу. “Меркаваньне”, як вядома, дакумэнтам не зьяўляецца. Таму забарону на ўваход у будынак я лічу парушэньнем сваіх правоў. Што да вызначэньня “прафэсійнасьці” фота- і відэаапаратуры, то намесьнік старшыні райвыканкаму Язэп Пачкоўскі наогул нічога тлумачыць ня стаў – параіў зьвярнуцца да адмыслоўцаў. Атрымліваецца, што адмыслоўца ў гэтым пытаньні – міліцыянт-ахоўнік, які з аднаго позірку вызначыў, што мой “Nikon” – прафэсійны фотаапарат”.
Таксама ў адказе намесьніка старшыні гаворыцца, што міліцыянты-ахоўнікі кіруюцца “актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, правіламі ўнутранага распарадку райвыканкаму, а таксама інструкцыяй па забесьпячэньні парадку на ахоўным аб’екце”.
Канкрэтных спасылак на патрабаваньні заканадаўства або ўнутраных дакумэнтаў у лісьце няма. Сказана толькі, што ахоўнік будынку мае права абмежаваць права на ўваход і выхад асобам “у стане наркатычнага, алькагольнага або таксычнага ап’яненьня, з агрэсіўнымі паводзінамі або ва ўзбуджаным стане, пры наяўнасьці падвышанай цікаўнасьці да пэўных аспэктаў дзейнасьці аб’екту, пры правядзеньні фота- і відаэфіксацыі, складаньні плянаў і схем і гэтак далей”.
На думку Зьмітра Лупача, такія фармулёўкі сьведчыць пра неабмежаваныя магчымасьці для самаўпраўства ахоўнікаў будынку:
“Ці можа міліцыянт прафэсійна вызначыць ступень узбуджанасьці наведніка? Што хаваецца за фармулёўкай “падвышаная цікаўнасьць да пэўных аспэктаў дзейнасьці аб’екту? Такія фармулёўкі дазваляюць міліцыянту не прапускаць у райвыканкам ледзь ня кожнага, хто чым-небудзь прыйдзецца не да спадобы… Якім чынам міліцыянт даведаўся пра мае намеры нешта сфатаграфаваць унутры будынку, калі я такіх намераў ня меў, дый ён пра гэта не пытаўся, проста не дазволіў увайсьці з фотаапаратам, і ўсё”.
Зьміцер Лупач зьбіраецца абскарджваць адказ чыноўніка і патрабаваць, каб міліцыянта-ахоўніка прыцягнулі да адказнасьці за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Ён не выключае, што забарона мае не агульны характар, а тычыцца яго асабіста, таму што прэтэнзіі чыноўнікаў да ягоных фотаздымкаў ужо былі – прыкладам, калі ён сфатаграфаваў дзяржаўныя сьцягі, вывешаныя дагары нагамі над будынкам Глыбоцкай пракуратуры і райвыканкаму.