Былы салдат і ягоныя родныя ўпэўнены: такога пагаршэньня здароўя можна было своечасова пазьбегнуць, але ніхто з супрацоўнікаў санчасткі не сьпяшаўся дапамагаць вайскоўцу.
Усе лячэньне суправаджалі шараговыя працаўнікі санчасткі, але пад артыкул трапіў толькі начальнік?
6 сакавіка СМІ паведамілі пра ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да начальніка мэдычнага пункту адной з вайсковых частак па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 455 КК Беларусі (Бязьдзейнасьць улады). Такое рашэньне прыняла пракуратура пасьля разгляду скаргі былога вайскоўца. Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакараньне аж да пазбаўленьня волі тэрмінам да 6 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.
Журналістам удалося высьветліць падрабязнасьці гэтай справы ў пацярпелага салдата, Віталя Барташа. Па адукацыі 22-гадовы ўраджэнец Полацку – тэхнік-праграміст. У 2013 годзе ён скончыў мясцовы гандлёва-тэхналягічны каледж, а ўжо ўвосень заступіў на службу ў 740 зэнітна-ракетную брыгаду вайсковай часткі 15847 у Барысаве. Пасьля вяртаньня на цывільку ў хлопца канстатавалі інваліднасьць 3-й ступені.
Як паведамлялі раней у пракуратуры Менскай вобласьці, афіцэр-мэдык санчасткі падазраецца ў тым, што са сьнежня 2013 году па чэрвень 2014 году, “пэўна ведаючы пра неабходнасьць аказаньня кваліфікаванай афтальмалягічнай мэддапамогі салдату, насуперак інтарэсам службы ўхіліўся ад абавязкаў і ня накіраваў яго на стацыянарнае абсьледаваньне”. У выніку гэтай бязьдзейнасьці салдату нанесеная істотная шкода здароўю, а ваенна-лекарскай камісіяй Узброеных сілаў Беларусі ён прызнаны непрыгодным да вайсковай службы.
Крымінальная справа распачатая толькі ў дачыненьні да былога начальніка мэдпункту вайсковай часткі, хоць сам салдат амаль ніколі ня бачыў гэтага супрацоўніка. Усе пройдзеныя працэдуры, паводле слоў пацярпелага, суправаджалі іншыя работнікі санчасткі (у кожным выпадку розныя). І тыя цалкам разумелі, што адбываецца, але не рабілі належных захадаў.
“Толькі адзін раз яго (начальніка) бачыў за ўсю службу: калі лекцыі нам чытаў або так, праходзіў міма”, – успамінае цяпер Віталь Барташ.
Дарэчы, на момант распачынаньня крымінальнай справы, мэдык ўжо не выконваў свае абавязкі больш за паўгода – тэрмін яго кантракту скончыўся некалькімі месяцамі раней, у ліпені 2014 году, яшчэ да таго як камісавалі салдата.
Абсьледаваньне адкладалі “на потым” больш за паўгода
Віталь распавядае, што да арміі праблем са зрокам ён ня меў наогул. Мэдкамісія ў ваенкамаце Полацку прызнала яго прыдатным для службы. Але празь месяц пасьля заступленьня на службу, падчас агляду ў 592-м мэдцэнтры Ўзброеных сілаў афтальмолягі выявілі сур’ёзнае захворваньне вачэй – кератаконус. Доктар паведаміў прапаршчыку, які суправаджаў з санчасткі, што салдата неабходна накіраваць для абсьледаваньня ў Галоўны ваенны клінічны мэдцэнтар Узброеных сілаў у Менску. Хаця, прыгадвае былы салдат словы мэдыкаў, з такім дыягназам нібыта можна было працягваць службу.
Кератаконус – незапаленчае захворваньне вачэй, пры якім рагавіца вытанчаецца і прымае няправільную форму (канічную). Гэта выклікае значныя і незваротныя скажэньні ў оптыцы вачэй. Захворваньне паражае прыкладна аднаго чалавека з тысячы, незалежна ад нацыянальнасьці і месца пражываньня. Дагэтуль кератаконус застаецца маладасьледаваным захворваньнем, няясныя прычыны яго ўзьнікненьня, таксама не ўяўляецца магчымым прагназаваць ход хваробы пасьля пастаноўкі дыягназу. Паводле дадзеных Нацыянальнага фонду кератаконусу ЗША, у чыньнікі, якія правакуюць захворваньне, уключаюць ўплыў генаў, навакольнага асяродзьдзя і клетачных паталёгіяў.
Рашэньне адправіць салдата на дбайнае абсьледаваньне папросту праігнаравалі ў санчастцы. У сакавіку і ліпені 2014 году салдат двойчы трапляў у мэдпункт вайсковай часткі па іншых прычынах, але пра праблемы са зрокам там ня ўзгадвалі.
1 верасьня Віталь ў другі раз трапіў да мэдыкаў у 592-гі шпіталь, ужо з скаргамі на зубны боль. Тады яго праводзіла да мэдыкаў мэдсястра санчасткі, а пасьля візыту да стаматоляга салдату ўдалося зноў трапіць да афтальмоляга. Там дужа зьдзівіліся, калі даведаліся, што на працягу 9 месяцаў ніякага рэкамэндаванага абсьледаваньня з нагоды захворваньня вачэй так і не было.
Гэтым разам мэдыкі выпісалі салдату вочныя кроплі, пасьля якіх ізноў зважылі на неабходнасьць зьвярнуцца ў Галоўны ваенны клінічны мэдцэнтар УС Беларусі. Неабходнае лекі маладому чалавеку прыйшлося шукаць сваімі намаганьнямі – толькі праз тыдзень іх дапамог купіць на цывільцы адзін з таварышаў па службе.
“Гэтыя лекі патрэбныя былі, каб пашырыць зрэнкі і абсьледаваць вочнае дно і сятчатку. Мэдыкі з санчасткі не прапаноўвалі дапамогі, тым больш купіць прэпарат – не было ініцыятывы нейкай”, – кажа Віталь.
Але супрацоўнікі санчасткі не сьпяшаліся падрыхтаваць салдата да абсьледаваньня. Хаця лекі былі на рукох, трохдзённы курс вочных кропель адкладалі тры (!) разы. У выніку працэдуры распачалі толькі празь месяц пасьля указаньняў лекараў з 592-га шпіталя.
Нарэшце, на пачатку кастрычніка 2014 году Віталь трапіў у Галоўны мэдцэнтар УС у Менску, дзе пасьля абсьледаваньня была выяўленая неабходнасьць у апэрацыі на вачох.
Дыягназ ваенна-лекарскай камісіі (ВЛК) у выніку гучаў наступным чынам: “няправільны астыгматызм (парушэньне зроку, галоўны сымптом якога – размытая выява) правага вока ступеньню да 8 дыёптрыяў, левага вока – да 3,25, з прычыны прагрэсуючага кератаконусу правага і левага вока. Пэрыфэрычная хорыярэтынальная дыстрафія абодвух вачэй. Захворваньне атрыманае ў пэрыяд вайсковай службы”. Было вынесенае рашэньне пра непрыдатнасьць да вайсковай службы з выключэньнем з воiнскага ўлiку – салдата камісавалі.
Пытаньне пра тое, як на разьвіцьцё захворваньня паўплывала прамаруджваньне з абсьледаваньнем і лячэньнем, мэдыкамі не вывучаўся.
Цяпер: шматгадовая чарга на апэрацыю і адмова ў страхавых кампэнсацыях
Ужо ў прыватным мэдычным цэнтры ў Менску, куды апэратыўна зьвярнуўся Віталь пасьля вяртаньня з войска, у яго быў дыягнаставаны кератаконус правага вока 4-й ступені і кератаконус 2-й ступені на левае вока. Лячэньне ёсьць складаным: для правага патрабуецца перасадка рагавіцы, для левага – апэрацыя па крослінкінгу (умацаваньне рагавіцы і стабілізацыя кератаконусу пры дапамозе адмысловага лязэру). Гэты дыягназ пацьвердзілі пры паўторнай дыягностыцы ў 10-м гарадзкім клінічным шпіталі гораду Менску.
Апэрацыю на левым воку ўжо зрабілі – лячэньне аплачвала сям’я маладзёна. Засталася самая складаная – перасадка рагавіцы.
“Высьветлілася, што чарга на яе – прыкладна 2 гады. А каб трапіць на яе, трэба рашэньне ад лекараў – для гэтага спачатку запісацца на кансультацыю да іх. І тут спатрэбіцца яшчэ час, кажуць, цяпер чэргі на такое ў мэдыкаў па паўгода”, – распавядае Віталь Барташ.
Хлопец распавядае, што, паводле расказаў лекараў, вылечыць гэтую хваробу раз і назаўжды немагчыма. Але ў сілах спыніць на час. І калі пазьбягаць моцных фізычных нагрузак – то з вачыма ўсё будзе нармальна.
“У выніку, праслужыўшы практычна год марна, не атрымаўшы своечасова мэдычную дапамогу, я істотна страціў зрок і цяпер для хаця б частковага аднаўленьня патрабуюцца не толькі дарагія апэрацыі, але і доўгае чаканьне ў чэргах. На каго ўскладаць адказнасьць матэрыяльную і маральную, і самае галоўнае – як мне атрымаць цяпер мэдычную дапамогу?” – задаваў такія пытаньні былы салдат у сваіх лістох прадстаўнікам Узброеных сілаў Беларусі, Міністэрства абароны, Міністэрству аховы здароўя і пракуратуры.
У Мінабароны, напрыклад, у лістападзе 2014 году паведамлялі, нібыта “гэтае захворваньне было ў вас да прызыву на тэрміновую вайсковую службу”, а “прагрэсаваньне не зьвязанае са спэцыфікай вайсковай службы”. Вось што яшчэ адзначана ў афіцыйным адказе міністэрства:
“Пры прызыве на тэрміновую службу лекарам-спэцыялістам пастаўлены дыягназ “астыгматызм абодвух вачэй”, які зьяўляецца адным з клінічных праяваў кератаконусу”.
Хаця гэта абвяргае наш суразмоўца і спасылаецца на заключэньне мэдыкаў “цалкам здаровы” пры абсьледаваньні ў ваенкамаце Полацку. Пра гэта, кажа Віталь, мелася і адпаведная пячатка у заключэньні.
Па выніку ўнутранай праверкі міністэрства была зафіксаваная “адсутнасьць належнага кантролю за выкананьнем рэкамэндацыяў лекараў-спэцыялістаў 592 ВМЦ з боку начальніка мэдпункту вайсковай часткі 15847 капітана мэдычнай службы К.П.”. Але сьцьверджаньні былога салдата пра адмову ў дапамозе з боку мэдыкаў санчасткі “зьяўляюцца неабгрунтаванымі і падчас праверкі пацьверджаньня не знайшлі”, заявілі ў ваенна-мэдычным упраўленьні Мінабароны.
У Цэнтральнай ваенна-лекарскай камісіі Ўзброеных сілаў Беларусі ў сьнежні 2014 году паведамілі, што атрымаць выплату страхавой сумы па абавязковым дзяржаўным страхаваньні вайскоўцаў былы салдат не зможа. Там кажуць пра тое, што няма прычынна-сьледчай сувязі паміж службай у войску і захворваньнем. Раней ваенна-лекарская камісія вызначыла такі статус захворваньня: “атрыманая ў пэрыяд вайсковай службы”.
“Для прызнаньня <…> захворваньня страхавым выпадкам неабходна, каб прычынная сувязь была вызначаная ў фармулёўцы “ваенная траўма. <…> Выносіцца ў тых выпадках, калі захворваньне абумоўленае спэцыфікай нясеньня вайсковай службы”, – гаворыцца ў адказе. Гэта значыць, гэты выпадак не зьяўляецца страхавым. І на кампэнсацыі разьлічваць ня трэба, паведамляюць там.
А вось пракуратура Менскай вобласьці для поўнага дасьледаваньня ўсіх абставінаў гэтага выпадку прызначыла судова-мэдычную экспэртызу і дасьледаваньне асобных пытаньняў з прыцягненьнем клінічных спэцыялістаў. І вось які адказ быў атрыманы ў сярэдзіне лютага:
“Па выкладзеных у звароце довадах праведзеная праверка з прыцягненьнем спэцыялістаў Міністэрства аховы здароўя і Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў. <…> Адзначаныя вамі абставіны пра несвоечасовае аказаньне мэдычнай дапамогі знайшлі сваё пацьвярджэньне”.
Тады і была распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да былога начальніка мэдпункту.
Пасьля таго, што здарылася, ніхто з санчасткі ці кіраўніцтва вайсковай часткі зь Віталём Барташам так і не зьвязваўся, распавядае былы салдат. У Апошнія дні знаходжаньня там, калі да яго прыехалі бацькі, размаўляць і тлумачыць, што адбылося, таксама ніхто ня стаў. На сустрэчу да бацькоў выйшаў толькі юрыст.
Цяпер Віталь знаходзіцца дома і займаецца пошукамі працы, але пакуль беспасьпяхова.
Крыніца: Тут.бай