«Кампаніі розьнічнага гандлю тэлекамунікацыйнаю тэхнікаю патрабуецца юрысконсульт. Патрабаваньні: вышэйшая юрыдычная адукацыя, досьвед працы 2–3 гады, гатовасьць да камандзіровак, мужчына, 25–30 гадоў». Тэлефаную на пазначаны ў абвестцы нумар.
– Скажыце, калі ласка, наколькі жорсткае патрабаваньне – быць мужчынам, каб прэтэндаваць на вакансію юрысконсульта?
З таго боку адказвае жаночы голас:
– Гэта жорсткае патрабаваньне. Гэта зьвязанае з камандзіроўкамі. Як паказвае практыка, з часам дзяўчынам становіцца праблематычна езьдзіць у камандзіроўкі. Яны ў нас здараюцца 1–2 разы на тыдзень.
У патрабаваньнях да гандлёвага прадстаўніка арганізацыі-дыстрыбутара электрашчытавога абсталяваньня «мужчына, 25–33 гады» пазначанае ў першым радку. Далей працадаўца піша пра наяўнасьць асабістага аўто, пражываньне ў Менску, досьвед працы і актыўную жыцьцёвую пазыцыю. Цікаўлюся, ці зробяць для мяне выключэньне тут.
– Мужчына – гэта абавязкова. Мы працуем у будаўнічым сэгмэнце. Чалавеку трэба будзе бегаць па будоўлях, у брудзе, размаўляць з рабочымі ды прарабамі. У сілу мэнталітэту гэты кантынгент не ўспрымае жанчын. Мы ўжо рабілі экспэрымэнты з жанчынамі, – голас на тым баку разьбіў мары аб суворую рэчаіснасьць стэрэатыпаў.
Загадчык складу ў кампаніі, якая гандлюе аўтазапчасткамі. Паводле абвесткі, кандыдат на гэтую пасаду мусіць быць мужчынам з 35 гадоў, адказным, сабраным і валодаць кампутарам. Ужо не спадзеючыся на посьпех, тэлефаную туды.
– Гэта ня жорсткае патрабаваньне. Гатовыя разглядаць вашую кандыдатуру, – абнадзеіў працадаўца.
Гэткі самы адказ я пачула ад забаўляльнага сайту ды інтэрнэт-крамы, якія шукалі пазаштатнага мадэратара і кур’ера.
Частымі аказаліся абвесткі з вакансіямі, дзе працадаўцы пазначалі адваротнае патрабаваньне – «жанчына» ці «дзяўчына». Для чысьціні экспэрымэнту прашу свайго калегу-мужчыну затэлефанаваць у папулярную менскую сетку крамаў сушы. Вакансія – «памочнік адміністратара». Прэтэндэнтам на гэтую працу неабходна ўсяго толькі быць «дзяўчынаю прыемнага выгляду, з 18 да 25 гадоў». Адказ працадаўцы аказаўся досыць нечаканым:
– Мы ўжо бралі некалькі разоў хлопчыкаў – не пайшло. У абавязкі ўваходзіць прыбіраньне памяшканьняў, ім гэта не падабалася.
Дзяржава не выкарыстоўвае патэнцыялу сваіх грамадзянаў
Каб разабрацца ў прычынах палавых перавагаў працадаўцаў, зьвяртаюся да дасьледчыцы гендару Алены Ляшкевіч. «Калі дарослыя кажуць дзецям: «Прыбяры цацкі», то да хлопчыка і дзяўчынкі выстаўляюцца розныя патрабаваньні, – аналізуе экспэрт.
– Хлопчык зграбе свае рэчы пад ложак, яму скажуць: «Малайчына», а дзяўчынцы: «Ну, ты ж дзяўчынка! Як ня сорамна!» Калі такі хлопчык трапляе на працу, дзе трэба прыбіраць, аказваецца, ён ня можа гэтага рабіць».
У 2013 годзе выйшаў у сьвет дапаможнік у нефармальнай адукацыі «Гендарны лікбез». Алена – аўтарка разьдзелу аб праблемах працаўладкаваньня жанчын у Беларусі. Дасьледчыца лічыць, што часта наймальнік прымае рашэньні не на падставе прафесійных якасьцяў кандыдатаў.
- Клясыка жанру: «Шукаем сымпатычных, камунікабельных дзяўчат для раздачы рэклямных буклетаў. Аплата – $ 3 за гадзіну», – прыводзіць прыклад Алена. – Абаяльны малады чалавек можа рабіць гэта зь няменшым посьпехам, чым дзяўчына. Якая розьніца, якога полу будзе распаўсюджвальнік буклетаў? Калі я была б працадаўцам, я імкнулася б вытрымаць балянс. Ёсьць розныя кліенты, і яшчэ не вядома, хто каму больш спадабаецца. Напэўна, з прычыны нізкай аплаты працадаўца разьлічвае зацікавіць сваёй прапановаю маладых жанчын».
Камандзіроўкі, фізычныя нагрузкі, зносіны зь «цяжкім» кантынгентам, дэкрэтны адпачынак – усё гэта штучныя стэрэатыпы наймальнікаў, перакананая адмыслоўца. «Праз гэта працадаўцы могуць абсекчы дасьведчаных і актыўных працаўнікоў, – падсумоўвае Алена Ляшкевіч. – У выніку церпяць і наймальнікі, і работнікі, і дзяржава. Чалавечы патэнцыял не выкарыстоўваецца напоўніцу».
Чатыры гады таму праваабаронца зь Віцебску Леанід Сьвецік шукаў працу праз газэты вакансіяў. «Мяне зьдзівіла вялікая колькасьць аб’яваў, калі пазначаўся пол і ўзрост кандыдата, – распавядае праваабаронца. – Я зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з запытам, наколькі такія фармулёўкі адпавядаюць заканадаўству».
У сваёй пастанове найвышэйшы ворган судовай улады прызнаў, што пазначэньне полу і ўзросту парушае правы патэнцыйных прэтэндэнтаў на працу. У дакумэнце, падпісаным старшынём Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам, прапаноўваецца Савету міністраў падрыхтаваць праект зьменаў у Працоўны кодэкс і закон «Аб занятасьці насельніцтва».
Нягледзячы на гэта, Леанід Сьвецік не прыгадвае ў сваёй практыцы выпадкаў, калі сушукальнікі скардзіліся на дыскрымінацыйныя ўмовы працадаўцаў.
Не даводзілася аказваць такой дапамогі юрысту, намесьніцы старшыні жаночай сеткі «Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў» Алене Яськовай. «Даказаць гэта немагчыма, – лічыць яна. – Такія скаргі ня маюць судовай пэрспэктывы. Права наймальніка – браць ці ня браць без тлумачэньняў прычынаў – аспрэчыць у судзе пры сёньняшнім неразуменьні гендарнай роўнасьці нерэальна».
Тым часам лёс прапанаваных зьменаў у Працоўны кодэкс невядомы нават самому спадару Сьвеціку.
Аліна Каранкевіч, belsat.eu