Пятніца, 15 Май 2026

Ганна Федаронак цвёрда вырашыла знайсці зламыснікаў, якія яе "пахавалі"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гісторыя з пахаваннем Ганны Федаронак, вымушанай палітэмігранткі з Пастаўшчыны і  адміністратарка варшаўскага шэлтара для палітуцекачоў з Беларусі, пачалася ў мінулы аўторак. Жанчыне пераслалі фотаздымкі ўлётак, дзе гаварылася, што “Ганна Федаронак памерла” і што адкрыты збор сродкаў, каб яе пахаваць. Прычым указваліся рэквізіты рахункаў, звязаныя з грамадскай дзейнасцю актывісткі - з фондам "Прытуляй мяне".

Як яна даведалася пазней, такія ўлёткі былі зафіксаваныя ў Чанстахове. Ганна Федаронак выступіла з відэазваротам, дзе выказала меркаванне,  што гэта правакацыя можа быць звязана з выбарамі ў Каардынацыйную раду, куды яна балатуецца, - маўляў, гэтая асоба гатовая збіраць грошы нават на ўласнае пахаванне.

На наступны дзень невядомыя пакінулі каля шэлтара пахавальны вянок з жалобным надпісам. Спачатку яго паставілі каля плота на вуліцы, а потым перакінулі праз плот, на ўнутраную тэрыторыю. Гэта вельмі насцярожыла ўласніка будынка, які якраз там знаходзіўся.  Ганна нічога пра інцыдэнт не ведала аж да таго часу, акуль ёй не напісалі невядомыя, запрасіўшы паглядзець "падарунак".

Назаўтра разам з уладальнікам будынка, які здаецца ў арэнду пад шэлтар, жанчына напісала заяву ў паліцыю. Але зламыснікі не спыніліся: ледзьве выйшаўшы адтуль, Ганна атрымала фота “уласнага” надмагільнага помніка... Яна мяркуе, што такім чынам могуць дзейнічаць недобразычліўцы або памагатыя  беларускіх спецслужбаў і разлічвае на дапамогу польскіх службоўцаў. 

Людміла Краўцова