17 верасня распачалася міжнародная кампанія салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў «Вясны» - #FreeViasna. Гэтая дата абраная не выпадкова: 17 верасня 2020 году па дарозе дадому з урачыстага ўручэння прэміі імя Яна Карскага была затрыманая прадстаўніца арганізацыі Марфа Рабкова. На працягу году ціск на праваабаронцаў толькі ўзмацняўся: было распачата некалькі крымінальных спраў, праводзіліся шматлікія вобшукі, сябраў «Вясны» затрымлівалі, а некаторых пры гэтым збівалі, выклікалі на допыты нават тых, хто даўно не мае дачынення да дзейнасці арганізацыі.

Віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава падазраюць у фінансаванні пратэставай дзейнасці. Такую выснову зрабіла актывістка Таццяна Севярынец, якую выклікалі ў Следчы камітэт, піша Беларускае Радыё Рацыя.

У Воршы следчыя органы спынілі крымінальную справу супраць мясцовага грамадзянскага актывіста Ігара Казмерчака. Яму ставілася наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якія пацягнула прычыненне шкоды ў значным памеры. Максімальнае пакаранне за такое дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, магло быць прызначанае судом у выглядзе абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю СК РБ Сяргей Цішук не ўбачыў парушэнняў у дзеяннях сваіх падначаленых у сувязі са з'яўленнем у інтэрнэце відэароліку, у якім віцяблянін Алег Баразна прызнаецца ў тым, што ён з'яўляецца каардынатарам руху «Краіна для жыцця» ў Віцебску, і ўказвае на махінацыі з грашовымі сродкамі палітыкаў Ціханаўскіх. Аб гэтым паведамляецца ў адказе са следчага камітэту, які атрымаў праваабаронца Павел Левінаў.

Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў Віцебскі аблвыканкам з заявай аб правядзенні 14 чэрвеня ў Міжнародны дзень блогера масавага мерапрыемства ў інтэрнэце. На што намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Пётр Гнуценка папярэдзіў заяўніка аб прававой адказнасці за распаўсюд інфармацыі, якая змяшчае прыкметы экстрэмізму. Чыноўнік тлумачыць, што законам не прадугледжанае правядзенне масавага мерапрыемства ў форме інтэрнэт-пікетавання. Але што тут не так?..