Мікалаю Шараху не патлумачылі ні падставаў для ператрусу, ні ягонага юрыдычнага статусу. Не пакінулі таксама вопісу забранай маёмасці.
З дому Мікалая Шараха супрацоўнікі міліцыі забралі ўсе прадметы ў нацыянальных колерах і бел-чырвона-белыя сцягі, старыя нататнікі, дакументы, якія тычацца дзейнасці СПБ і «пярвічкі» незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Полацк-Шкловалакно». Таксама забралі кампутары і мабільны тэлефон. Ператрус працягваўся каля 4-х гадзінаў, пасля чаго прафсаюзнага лідара перавезлі ў кватэру ягонай дачкі, дзе таксама шукалі нацыянальную сімволіку і дакументы.
Каля 18.20 у суправаджэнні міліцыянтаў Міколу Шараха павезлі ў невядомым накірунку. Ад тлумачэнняў, што адбываецца, міліцыянты адмовіліся, сказаўшы толькі, што ад іх нічога не залежыць, бо яны толькі выконваюць загад.
Калі праз 3 гадзіны Мікалай Шарах не вярнуўся дахаты, пошукі затрыманага распачала ягоная жонка. Аднак тэлефанаванні ў Полацкі ІЧУ нічога не далі: супрацоўнікі не пацвердзілі, што старшыня СПБ знаходзіцца ў іх.
Сябры не выключаюць, што Міколу Шараха павезлі ў Менск, дзе таксама адбыліся затрыманні лідараў незалежных прафсаюзаў. Раніцай 19 красавіка стала вядома пра ператрус у офісе Свабоднага прафсаюзу металістаў, пазней у незалежных СМІ з’явіліся паведамленні пра затрыманні старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча, ператрус у супрацоўніцы офісу БКДП Ірыны Бут-Гусаім.
Мікалай Шарах вядомы ў Полацку не толькі як прафсаюзны лідар, ён сябар Кансерватыўна-хрысціянскай Партыі БНФ і адзін з першых грамадскіх актывістаў у рэгіёне. Летась супраць яго была распачатая крымінальная справа паводле арт. 341 («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»), аднак яе спынілі, бо не знайшлося доказаў віны актывіста. Гэтаксама ў мінулым годзе ўлады зачынілі праваабарончую ўстанову – Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва «Адвакацыя», якім кіраваў Мікалай Шарах.
Міхась Хмара