Серада, 10 Снежань 2025

Павел Левінаў стаў лаўрэатам сёлетняй Праваабарончай прэміі ў намінацыі “Праваабаронца года”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёлета пераможцамі ў гэтая намінацыі прызнаныя  адразу тры чалавекі, вядомыя сваёй праваабарончай дзейнасцю: Павел Левінаў, Алена Маслюкова і Таццяна Нядбай. “Я шчаслівы аказацца сёння ў гэтай кампаніяй з двума праўкраснымі жанчынамі, павіншаваць іх з гэтай узнагародай. І наш агульны шэраг сёння выразна дэманструе, што мы не адны, што мы – каманда і ўто мы рушым у правільным накірунку.  І гэта дае надзею, што правы чалавека ў Беларусі будуць адноўленыя”, сказаў Павел Левінаў падчас уручэння прэміі.

Нацыянальная праваабарончая прэмія была заснаванная ў 2008 годзе. Яна  ўручаецца штогод за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў некалькіх намінацыях. На намінацыю «Праваабаронца года» вылучаецца асоба, чые дзеянні за мінулы і папярэднія гады найбольш яскрава, выразна, эфектыўна спрыялі прасоўванню і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Павел Левінаў – праваабаронца з Віцебска, які ў 2000 годзе распачаў праваабарончую дзейнасць у БХК, аўтар больш як 160 індывідуальных зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека, за сваю дзейнасць безліч разоў цярпеў адміністрацыйны і крымінальны пераслед. У 2022 годзе быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, але не траціць сувязяў з родным горадам і яго жыхарамі, якім неабходныя яго дапамога.

Алена Маслюкова - праваабаронца і экалагічная актывістка; узначальвала Светлагорскую філію «Вясны». Яна была адной з лідарак барацьбы жыхароў Светлагорска супраць завода бялёнай цэлюлозы.Пасля вымушанага выезду з Беларусі ў 2021 годзе працягвае праваабарончую дзейнасць у выгнанні. У кастрычніку 2024 года Алену Маслюкову завочна асудзілі ў Беларусі да трох гадоў калоніі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за яе публічную і праваабарончую актыўнасць.

Таццяна Нядбай - літаратарка, праваабаронца, менеджэрка культурных праектаў, старшыня Беларускага ПЭНа. На гэтай пасадзе яна  наладзіла сістэмную праваабарончую дзейнасць, прадуктам якой стаў першы маштабны маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў.