Серада, 10 Снежань 2025

Лаўрэаткай Праваабарончай прэміі ў намінацыі «Праваабарончая салідарнасць» стала палітзняволеная Вольга Брыцікава

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На гэтую намінацыю  вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску сёлета і/ці ў папярэднія гады за сваю дзейнасць па прасоўванні і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Вольга Брыцікава актыўна абараняла правы рабочых у Наваполацку, кіравала незалежным прафсаюзам «Нафтана», дзе працавала 16 гадоў. Калі ў жніўні 2020 года работнікі «Нафтана» выйшлі на мітынг, высунулі палітычныя патрабаванні — іх публічна агучыла Вольга.

Зараз актывістка незалежнага праваабарончага руху знаходзіцца ў зняволенні: Віцебскі абласны суд двойчы судзіў яе па палітычна матываваных крымінальных артыкулах, па сукупнасці ёй прызначана 6 год пазбаўлення волі.

У траўні 2022-га Вольга Брыцікава  адбыла за кратамі  запар 75 дзён за антываенныя выказваньні, агулам у той год абыла ў няволі  105 дзён. У 2023 годзе  Брыцікаву затрымалі  і асудзілі  да 3 гадоў калоніі паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). У 2024 годзе жанчыну судзілі зноў, яе вінавацілі паводле 361 ч. 3 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); 130 ч. 1 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); 361-4 ч. 1 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Вядома, што Вользе дадалі яшчэ тры гады калоніі.