Чацвер, 04 Чэрвень 2026

Святара, які ладзіў на Пастаўшчыне малебны для стараабрадцаў, імаверна, дэпартуюць з Беларусі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як мы раней паведамлялі, у канцы траўня 52-гадовага грамадзяніна Літвы  затрымалі падчас рэлігійнай службы ў вёсцы Кукляны. Яго звінавацілі ў тым, што ён не мае права правадзіць такія службы на тэрыторыі Беларусі. Пра тое, што  прынята рашэнне аб дэпартацыі, распавёў Telegram-канал “МВД Беларуси».


Паводле версіі  МУС,  “мужчина приехал в Беларусь, купил дом и через интернет-мессенджер стал призывать граждан посещать старообрядческие богослужения.
Организовывал эти мероприятия у себя по месту жительства в одной из деревень Поставского района, при этом собирая пожертвования с паствы. Соответствующего образования и разрешения райисполкома на проведение массовых религиозных мероприятий не имел. За нарушение порядка организации или проведения массовых мероприятий ему грозит высылка из страны”.

Telegram-канал ведамства называе затрыманага «лжесвященником». Складана сказаць, пасведчанне аб якой  «адпаведнай адукацыі” хацелі б бачыць супрацоўнікі Пастаўскага РАУС, а вось што да адсутнасці дазволу райвыканкама на правядзенне рэлігійных служб, то мужчына звяртаўся да мясцовых уладаў па такі дазвол. Але яму адмовілі, спаслаўшыся на недахопы ў складзеных паперах.

Вёска Кукляны (Камайскі сельсавет) — вядомы гістарычны цэнтр стараабрадніцтва (стараверства)  на Віцебшчыне. Вялікая частка мясцовых жыхароў належыць да  Дрэўлеправаслаўнай Паморскай Царквы (беспапоўцы), яны захоўваюць ўласныя рэлігійныя абрады.

Тут захаваўся ўнікальны гістарычны помнік - Храм Успення Прасвятой Багародзіцы. Гэтая драўляная стараабрадніцкая царква была пабудавана ў першай палове XIX стагоддзя.

 У сярэдзіне XIX стагоддзя, калі ў рэгіёне дзейнічалі жорсткія абмежаванні на стараабрадніцкія набажэнствы, Куклянскі прыход і суседнія Апідамы былі аднымі з нямногіх месцаў, дзе афіцыйна функцыянавалі дазволеныя малельныя будынкі.

Руслан Ваяводзін