53-гадовага палітвязня з вёскі Сітцы Докшыцкага раёна судзілі ў закрытым рэжыме ў Віцебску за каментары ў сацыяльных сетках і намер паехаць ва Украіну ваяваць. Судовае пасяджэнне вёў суддзя Яўген Буруноў. Суд над палітвязням пачаўся яшчэ 4 лістапада, пасля быў перапынак на псіхічную экспертызу. Акрамя калоніі 4.5 гады, яму прысудзілі каля 7.000 рублёў штрафу. Трэба зазначыць, што пракурор прасіў 6 гадоў калоніі.

Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з чарговай заявай аб прызнанні шэрагу асуджаных палітычнымі зняволенымі. Сярод іх былы супрацоўнік УУС Уладзіслаў Аўчыннікаў, асуджаны да двух з паловай год калоніі, і былы работнік «Белтэлекаму» Цімафей Галубко, асуджаны да трох гадоў «хіміі». Былы «сілавік» Аўчыннікаў пакуль знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА -2, а 20-гадовы Галубко, унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, ужо адбывае тэрмін пакарання ў Магілёўскай ПУАТ №43.

Палітвязень Ігар Лосік, былы адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга», адбывае пакаранне ў наваполацкай ПК №1. Ён быў асуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў) і арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці ці варажнечы).

Наваполацкая папраўчая калонія № 1, якая месціцца паміж "Нафтанам" і "Палімірам", лічыцца адной з самых жорсткіх папраўчых устаноў у Беларусі. Згодна з інфармацыяй, у калоніі налічваецца мінімум 70 палітвязняў. Сярод іх былы кіраўнік "Белгазпрамбанка" и кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі асуджаны Віктар Бабарыка.

На пасяджэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы 18 студзеня шэраг еўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, выступілі з заявай аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Свае подпісы пад дакументам паставілі таксама прадстаўнікі іншых краін.