У судзе Віцебскага раёна 16 лістапада завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 68-гадовага жыхара в. Хатоля Віцебскага раёна  Аляксандра Патапава. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прэзідэнта па ч.1 арт. 368 беларускага КК. Суддзя Наталля Траццякова прызнала падсуднага вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ва ўмовах агульнага рэжыму.

Каляндар з малюнкамі, зробленымі за кратамі, выдадзены дзякуючы высілкам жонкі палітзняволенага, Вольгі Севярынец. Ён называецца «Беларусь – гэта святое». У календары змешчаныя цытаты на кожны месяц, малюнкі вядомых беларускіх храмаў Гародні, Нясвіжа, Мінска, Сынкавічаў, Мураванкі, Паставаў, Магілёва, Сарʼі, Слабодкі, Сталовічаў, Берасця і каляндарная сетка па месяцах. На кожны месяц прадугледжаны новы малюнак і новая цытата.

У Менскім гарадскім судзе абвясцілі вырак Вадзіму Васільеву, 27-гадоваму ўраджэнцу Віцебску – 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, хлопца асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу нібыта за адміністраванне «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.

Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд 9 лістапада прыняў рашэнне задаволіць запыт беларускага боку на экстрадыцыю з Расіі ўраджэнца Оршы псіхолага Андрэя Рускіх. Яго падазраюць у двух злачынствах па так званых «народных крымінальных артыкулах», здейсненых ім на тэрыторыі Беларусі. 

Па «справе Рабочага Руху» судзяць адразу 10 палітвязняў, сярод іх Аляксандр Капшуль, былы юрысконсульт ААТ «Нафтан», і ягоны калега Ігар Мінц. Капшуля вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага Кодэксу: па ч.2 арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі), ч.1 арт. 356  (здрада дзяржаве), ч.3 арт.361-1  (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім). Мінца – па двух артыкулах Крымінальнага Кодэксу: па ч.1 арт. 356  (здрада дзяржаве), ч.3 арт.361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім). Старшынюе на працэсе суддзя Аляксандр Піскуноў.