Аляксей (імя змененае ў мэтах бяспекі) выйшаў з калоніі некалькі месяцаў таму. Былы вязень распавядае, што Бабарыка вясной-летам мінулага года адсядзеў 6 месяцаў у ПКТ і цяпер, верагодна, праводзіць там наступныя 6 месяцаў. Аляксей тлумачыць, што ўсяму, што робяць у калоніі міліцыя і адміністрацыя, спрабуюць надаць нейкую легальнасць.
«Гэта бязладдзе, замаскіраванае пад „законнасць“»
Па законе зняволены можа ўтрымлівацца ў ПКТ 6 месяцаў. Пасля гэтага адміністрацыя абавязана вярнуць яго назад у атрад, але на практыцы некаторых зняволеных зноў змяшчаюць у ПКТ. Два тэрміны ў ПКТ з'яўляюцца падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкуле 411 КК (Непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі) і прызначэнні дадатковага тэрміна.
Па словах суразмоўцы «Свабоды», Віктар Бабарыка патрапіў у ПКТ практычна адразу пасля заканчэння свайго першага тэрміну.
Суразмоўца нагадвае, што ў 2022-2023 гадах, калі Бабарыка працаваў то на хлебазаводзе, то потым "на вуглях", для яго падбіралі спецыяльныя брыгады. У іх уваходзілі толькі “правераныя” адміністрацыяй людзі. Гэта значыць, тыя, хто супрацоўнічае з аховай.
Аляксей кажа, што да лютага 2023 года Віктар Бабарыка ўтрымліваўся ў калоніі на тых жа ўмовах, што і іншыя вязні.
«Было відавочна, што аператыўнікі, іншыя міліцыянеры не ўплываюць на яго жыццё. Бо ўсе гэтыя распараджэнні відавочна ішлі не па лініі начальніка калоніі, а „зверху“. Так што да лютага яго асабліва не чапалі. Чаму трэш пачаўся пасля лютага - я не ведаю. ШІЗА, ПКТ і так па крузе», - кажа Аляксей.
Суразмоўца дадаў, што праблемы былі і ў тых зняволеных, якія спрабавалі размаўляць з Бабарыка. Адміністрацыя спрабавала трымаць яго ў ізаляцыі.
«У камеры ён сядзеў з туркменам, які добра размаўляў па-руску, і зняволеным, блізкім да адміністрацыі», — кажа Аляксей.
Дадатковыя камеры назірання, сігналізацыя
Па словах Аляксея, калі Віктар Бабарыка працаваў у брыгадзе "на вуглях", то там, на пляцоўцы, усталявалі дадатковыя камеры назірання і сігналізацыю.
"Гэта значыць, калі Бабарыка пайшоў, скажам, у прыбіральню, пра гэта ведала ўся калонія, таму што пра гэта апавяшчала сігналізацыя", — сказаў суразмоўца.
З лютага 2023 года да Віктара Бабарыка перасталі пускаць адваката, таксама яго пазбавілі сустрэч і перадач.
«Нават калі Бабарыку змясцілі ў ШІЗА, то да яго пасадзілі палітычнага з вельмі цяжкім характарам, з якім цяжка знаходзіцца побач, і пенсіянера, які быў вельмі хворы і літаральна хадзіў пад сябе. З такімі людзьмі асабліва не паразмаўляеш», - кажа Аляксей.
Былы зняволены таксама расказвае, што ў красавіку 2023 года Віктар Бабарыка трапіў у медсанчастку.
«Калі ён туды патрапіў, у адной палаце была ўсталяваная камера назірання. Відавочна, што для Бабарыка. Многія вязні бачылі тады праз акно яго з перавязанай галавой. Тым часам міліцыя распаўсюджвала чуткі аб тым, што Бабарыка ўпаў. Адзін мой знаёмы зняволены патрапіў у медчастку якраз тады, калі там быў Бабарыка. Ён спытаў: „Што з вамі, Дзмітрыевіч?“. Той адказаў: „Я ўпаў“. Мабыць, яму так загадалі сказаць», - успамінае суразмоўца.
Аляксей дадае, што ў калоніі хадзіла інфармацыя аб тым, што ў Віктара Бабарыка прабіта лёгкае, праблемы з ныркамі і што ён некалькі разоў страчваў прытомнасць.
“У апошні раз яго бачылі ў калідоры ПКТ прыкладна ў лістападзе. Ён моцна схуднеў, але яго погляд быў бадзёрым і ўпэўненым. Гэта значыць, што яго не зламалі», - дадаў Аляксей.