Панядзелак, 27 Красавік 2020

Сталінскія расстрэлы ў Віцебску: статыстыка і праўда жыцьця

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ігар Станкевіч. Фота: racyja.com Ігар Станкевіч. Фота: racyja.com

Дасьледчык сталінскага тэрору на Віцебшчыне Ігар Станкевіч прэзэнтаваў вынікі сваёй працы: ён сыстэматызаваў зьвесткі пра ахвяраў сталінізму, расстраляных у Віцебску і ваколіцах гораду, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Прэзэнтацыя праходзіла ў межах кампаніі «Забітыя, але не забытыя» і адбылася ў віртуальным фармаце, праз Skype, бо ва ўмовах эпідэміі каронавірусу сустракацца ў рэале не пажадана.

Усе, хто далучыўся да прэзэнтацыі, змаглі даведацца, хто былі па нацыянальнасьці тыя людзі, якіх расстралялі па надуманых абвінавачаньнях у шпіянажы або антысавецкай агітацыі; дзе яны працавалі, зь якіх раёнаў паходзілі, колькі часу правялі за кратамі.

На думку Ігара Станкевіча, такія зьвесткі ведаць сёньня неабходна:

Людзей заўсёды больш цікавяць гісторыі, чымсьці лічбы. А калі мы пачынаем разглядаць лёсы канкрэтных людзей, якія прайшлі праз гэтыя сталінскія жорны, то спрачацца з гэтым ужо немагчыма – казаць, што сталінскіх рэпрэсій не было, або яны былі не такімі маштабнымі. Тут ужо ўключаецца іншая лёгіка і іншая аргумэнтацыя.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, які таксама далучыўся да прэзэнтацыі, зьвесткі пра ахвяраў сталінізму характарызуюць канкрэтны рэгіён. І хаця глябальных адрозьненьняў няма, выглядае, што НКУСаўцам даводзілі пляны па зьнішчэньні «ворагаў народу» у Менску альбо ў Віцебску:

– Па сацыяльным паходжаньні сялян, расстраляных увогуле па БССР, было 51%, у Менску 58%, у Віцебску 72%. Рабочых па БССР – 30%, у Менску 16%, у Віцебску 10%. Інтэлігенцыі па БССР 15%, у Менску 15%, у Віцебску 12% расстраляных.

Разьлікі Ігара Станкевіча паказваюць, што сярод расстраляных у Віцебску больш за ўсё было беларусаў, палякаў і латышоў. Што большасьць ахвяраў мелі пачатковую або няскончаную пачатковую адукацыю, што расстрэлы ў Віцебску і ваколіцах распачаліся ў жніўні 1937-га і скончыліся ў студзені 1939-га.

Дасьледчык прааналізаваў пэрсанальныя зьвесткі з «Адкрытага сьпісу» – абагульненай базы рэпрэсаваных. Вядома, што гэты сьпіс далёка ня поўны і што даведацца пра ўсе імёны і прозьвішчы можна будзе толькі тады, калі будуць рассакрэчаныя архівы КДБ.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.