У свой час Уладзімір Плешчанка спрычыніўся да аднаўлення памяці пра забітых сталіністамі ў ваколіцах Віцебску рэпрэсаваных беларусаў.
Ніякай урачыстай імпрэзы на паляне ля вялізнага металёвага крыжа не адбывалася. Людзі ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, але сказаць пару словаў у памяць ахвяраў таталітарнай сістэмы не паспелі – з'явіўся старшыня Воранаўскага сельсавету Юрый Осіпаў. Мясцовы начальнік запытаў, што тут адбываецца, сфатаграфаваў нядаўна ўсталяваны інфармацыйны стэнд, патэлефанаваў у міліцыю і зʼехаў. Неўзабаве, не дачакаўшыся міліцыі, зʼехалі і ўдзельнікі жалобнай акцыі.
Перад адʼездам актывістка Таццяна С. нагадала журналістам, што ў гэтым месцы забівалі людзей, але колькі іх тут ляжыць, нікому не вядома.
«У пачатку дзевяностых, набыўшы незалежнасць, улада не пакаялася за злачынствы сталінізму на нашай зямлі. Таму сёння мы бачым паўтарэнне тых часоў. Арыштаваных пратэстоўцаў забіраюць з РАУС і адтуль па начах вывозяць у ІЧУ. Грамадзяне проста губляюцца, і родныя доўгі час не ведаюць, куды яны зніклі», – сказала актывістка.
«Учора на тых, хто ішоў у Курапаты, АМАП учыніў сапраўднае сафары. Калі мы дазволім працягвацца такому, то вернемся ў тыя часы. І хто будзе расшукваць нашыя магілы – невядома», – дадала.
«Я была тут, калі ўсталёўвалі гэты крыж у памяць рэпрэсаваных і забітых тут беларусаў. У той дзень у мяне было радаснае адчуванне таго, што мы ставім кропку, што надыходзяць радасныя і светлыя часы. Але праз пяць год адбылася серыя забойстваў: Захаранка, Завадскі, Ганчар, Красоўскі… Адны рэпрэсіі змяняліся іншымі. Пасля ўчорашніх падзей у Курапатах адчуванне таго, што нічога яшчэ не скончылася. Ад гэтага вельмі балюча на душы. Аказалася, што тое была не кропка, а коска. І невядома, што будзе далей», – сказала адна з удзельніц імпрэзы Ірына А.
На вялікіх па вясковых мерках друкаўскіх могілках магіла Ўладзіміра Плешчанкі вылучаецца бадай толькі беларускамоўным надпісам і словамі на надмагіллі: «Не для сябе, а для Радзімы!»
Якаў Р., адзін з найстарэйшых віцебскіх актывістаў, распавёў, як у 1989 годзе, сябры таварыства «Узгор’е», даведаўшыся пра Паляі, знайшлі і сведкаў тых падзей і канкрэтнае месца забойстваў. А неўзабаве віцебскі актывіст Сяргей Цярэнцьеў зрабіў крыж, які праз пэўны час і ўсталявалі. На ўрачыстым адкрыцці акрамя актывістаў былі сваякі рэпрэсаваных, быў святар айцец Андрэй, быў нават старшыня сельсавету.
«Было сказана шмат словаў пра ахвяраў сталінізму, а вакол стаялі дзядзькі ў чорных скураных паліто. Яны нешта запісвалі, здымалі на відэа. Так што дакументы ёсць, спадзяюся, што некалі мы іх пабачым», – сказаў Якаў Р.
Друкаўскія клады – старыя, нямала магіл занядбаных. Вылучаюцца сваёй дагледжанасцю пахаванні апошніх дзесяцігоддзяў. Відавочна, што ўшанаванне памяці продкаў застаецца актуальным пытаннем агульнай культуры грамадства.
«Гэта нашае ўшанаванне памяці рэпрэсаваных вельмі важнае цяпер, бо гэта частка тых рэвалюцыйных падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. Мы думалі, што рэпрэсіі – гэта мінулае, а аказалася – гэта нашая рэальнасць. Не адбылося зразумелай, яснай ацэнкі грамадствам часоў сталінізму. Гэтыя мемарыялы падтрымліваюцца высілкамі грамадства, і выклікаюць страх ва ўлады. Гэта засведчыла і сённяшняя рэакцыя старшыні сельсавету», – выказалася спадарыня Ірына.
У гэты ж дзень актывісты сустрэліся з сябрам Уладзіміра Плешчанкі Барысам Хамайдам. Некалі яны разам стаялі ля вытокаў дэмакратычных зменаў у Віцебску. У гэты дзень ён таксама прыехаў ушанаваць памяць свайго сябра.
С. Горкі, фота аўтара