Віктар Буга – мастак, дызайнэр, аўтар кніг пра Марка Шагала і Казіміра Малевіча. Браў удзел у аздабленьні каля 20 музэяў у Беларусі. У свой час ён вучыўся на віцебскім «худграфе» (мастацка-графічны факультэт ВДУ), наступная творчая дзейнасьць таксама была зьвязаная з нашым горадам.
Віктар Буга кажа, што Марк Шагал у сваіх працах пасьпеў захаваць росквіт жыцьця габрэйскай супольнасьці Віцебску перад пачаткам Першай сусьветнай вайны і наступнымі падзеямі XX-га стагодзьдзя. Вайна і рэвалюцыя парушылі традыцыйны лад жыцьця віцебскага габрэйства.
Пасьля захопу Віцебску фашыстамі ў ліпені 1941 году габрэі трапілі ў стан самай бяспраўнай часткі акупаванага насельніцтва. Ужо ў верасьні захопнікі стварылі гета закрытага тыпу і распачалі мэтанакіраванае зьнішчэньне габрэяў. Гета разьмяшчалася на невялікай тэрыторыі паміж вуліцамі Кірава, Ільінскага, Камсамольскай, Энгельса. Агулам у Віцебску і яго ваколіцах за час акупацыі фашысты зьнішчылі каля 20 тыс. габрэяў.
«У Віцебску захавалася ўнікальнае месца з аўтэнтычнымі будынкамі, дзе да вайны кампактна пражывала габрэйскае насельніцтва. Пазьней на гэтай тэрыторыі было створана гета, але памяць пра яго і ягоных ахвяраў дагэтуль годна не ўшанаваная. І трэба нешта рабіць…» – кажа Буга.
Каб стварыць музэй Галакосту ня трэба вялікіх высілкаў, мяркуе Віктар Буга. У дворыку будынку на вуліцы Савецкай Арміі, 14 ужо, па сутнасьці, існуе «музэйны комплекс з гатовымі будынкамі», адзін зь якіх ЖКГ мяркуе неўзабаве прадаць. Побач – будынак «Беларусбанку», які зараз не выкарыстоўваецца і які кіраўніцтва банку магло б перадаць музэю ў якасьці спонсарскай дапамогі і для папулярызацыі свайго іміджу.
«Нідзе больш няма такога месца ў Беларусі, дзе можа быць і сам музэй, і мэтадычны цэнтар, і нават «сьцяна плачу». Непадалёку – дом-музэй Шагала, руіны Вялікай Любавіцкай сынагогі, іншыя будынкі – усё гэта можа стаць адзіным ансамблем», – мяркуе мастак.
Дворык, у якім мог бы паўстаць музэй
Неўзабаве прадстаўнікі супольнасьці «Шлях з варагаў у грэкі» зьвернуцца да мясцовых уладаў з канкрэтнымі прапановамі.
С. Горкі