Гэта была ўжо сёмая такая сустрэча. Першая адбылася 2 лістапада мінулага году. Калі на першую прыйшло больш за 30 чалавек, то на цяперашнюю сабралася толькі каля 10 актывістаў. Цалкам магчыма, гарачае надвор'е, што ўсталявалася ў горадзе, стала прычынай гэткай нізкай актыўнасьці.
Тым ня менш малая колькасьць удзельнікаў не перашкодзіла прысутным правесьці размову ў канструктыўным рэчышчы. Маладыя людзі абмяркоўвалі мінулыя мерапрыемствы і дзяліліся сваімі плянамі.
Вядоўца сустрэчы, дырэктарка Vitebsk4me Вольга Бізікава, правяла прэзэнтацыю сваёй арганізацыі. Vitebsk4me – адкрытая пляцоўка, прысьвечаная гарадзкой культуры, якая дапамагае ў самарэалізацыі мастакам, журналістам, маладым музыкам, пісьменьнікам. За невялікі прамежак часу ўдалося ўвасобіць у жыцьцё шэраг унікальных і карысных ініцыятываў у горадзе. Гэта і сьвята добрасуседзтва «Ільінка», і навучальны курс для журналістаў, актывістаў і мэнэджэраў «Мэдыя і актывізм», і выдадзеная кніга мясцовага краязнаўцы Міколы Півавара «50 музэяў Віцебску» ды шмат чаго іншага.
Асаблівай увагі заслугоўвае адукацыйны курс сацыяльна адказнага дызайну, пасьля завяршэньня якога яго выпускнікі і выпускніцы стварылі сваю ўласную ініцыятыву «Кухня 33». Маладыя людзі вырашылі несьці ў масы прынцыпы сацыяльнага дызайну, аказваць па меры магчымасьці дапамогу грамадзянскім актывістам і дзяліцца зь імі сваімі навыкамі. Цяпер кожны, хто мае жаданьне рэалізаваць сваю ідэю, можа да іх зьвяртацца. Яны ўжо зрабілі шэраг мастацкіх прац для «Мовы нанова» і віцебскага прытулку для бяздомных жывёл.
Што тычыцца найбліжэйшай будучыні, то наперадзе правядзеньне фэстывалю навукі «Дзень навукі па-за сабой ў Віцебску», які будзе праходзіць 19 траўня цягам цэлага дня на пляцоўцы Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі. Акрамя гэтага, плянуецца арганізаваць у горадзе прагляды польскага кіно зь беларускімі субтытрамі. Рэалізаваць гэтую ідэю хочуць дзьве актывісткі, якія вывучаюць польскую мову.
Як стала зразумела з сустрэчы, амаль кожны, хто мае амбіцыі, можа рэалізаваць сваю ідэю. Як той казаў, было б жаданьне.
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2768-realizavats-svayu-ideyu-mozha-kozhny#sigProId5a1209d3a7
Уладзімер Бяляўскі