Імпрэза пачалася адразу пасьля афіцыйнага мерапрыемства і жалобнага малебну ва Усьпенскім саборы з удзелам кіраўніцтва гораду і шматлікіх сувораўцаў і школьнікаў з ваенна-патрыятычных клясаў. Слова ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС зноў ня далі.
Пасьля малебну ліквідатары спусьціліся з Усьпенскай горкі, прайшлі па набярэжнай і непадалёк ад Кіраўскага моста пусьцілі вянок на волю плыні.
У жалобнай імпрэзе ўзялі ўдзел у тым ліку героі прэзэнтаванага напярэдадні дакумэнтальнага фільму “Сам-насам з памяцьцю” Анатоль Гнеўка і Сяргей Іконьнікаў. Упершыню за апошнія гады на падобнай імпрэзе прысутнічалі журналісты дзяржаўных СМІ.
Як расказаў “Віцебскай вясьне” адзін з ініцыятараў жалобнай акцыі Аляксандар Мікулін, сёлета ўлады самі запрасілі ліквідатараў узяць удзел у афіцыйнай урачыстасьці з нагоды чарнобыльскай катастрофы.
Аляксандар Мікулін - другі зьлева
“Цягам апошніх пяці гадоў наша ініцыятыўная група штогод зьвярталася ў гарвыканкам з просьбамі аб арганізацыі мерапрыемства. І вось, як ні дзіўна, нашыя просьбы былі пачутыя, горад узяў на сябе арганізацыю афіцыйнай часткі. Хацелася б, каб улады ўзялі на сябе і нашу традыцыю апусканьня вянка памяці. Але варта зрабіць так, каб мы перадавалі вянок маладым людзям, а ўжо моладзь пускала яго па плыні. Гэта будзе вельмі сымбалічна. Гэтая традыцыя не павінна зьнікнуць”, – сказаў Аляксандар Мікулін.
Вянок апусьціў у Дзьвіну ліквідатар аварыі на ЧАЭС Уладзімер Іваноў
Што да атамнай будучыні Беларусі, былы ліквідатар зазначыў, што “прагрэс ужо не спыніць” і нам трэба карыстацца яго набыткамі, але “кожная палка мае два канцы”.
“Палка ратуе, але палка і б’е. Што трэба, каб на будучай Беларускай АЭС у Астраўцы ня здарылася тое, што на Чарнобылі? Найперш – каб не было нядбайства падчас будаўніцтва, праектаваньня і эксплёатацыі. Гэта галоўнае. Бо ўжо не сакрэт, што акурат нядбайства і паказуха на Чарнобылі прывяло да такой страшнай трагедыі”, – падсумаваў Мікулін.
Зьміцер Міраш, фота аўтара