Кампанію дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ініцыяваў ураджэнец Воршы Ігар Станкевіч. Ён вярнуў зь нябыту каля двух дзясяткаў імёнаў сваіх родзічаў, аддаўшы шмат часу на працу ў архівах. І здолеў аб’яднаць у ініцыятыўную групу іншых нашчадкаў рэпрэсаваных.
Паседжаньне ініцыятыўнай групы. Ігар Станкевіч – зьлева
Адна з апошніх кампаніяў дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў – гэта звароты ў Аршанскі райвыканкам з просьбай вызначыць месца для помніка ці мэмарыялу.
«На імя старшыні райвыканкаму накіравана ўжо больш за дзясятак лістоў, прычым ня толькі з Воршы. Пра памяць аб сваіх рэпрэсаваных сваяках гатовыя паклапаціцца жыхары Віцебску, Менску, а таксама родзічы забітых з Расеі, Італіі, Швэцыі. Усе яны распавядаюць розныя сямейныя гісторыі, паводле якіх сталінскія расстрэлы адбываліся ў розных мясьцінах: ня толькі на Кабыляцкай гары, але і пад навакольнымі вёскамі, у Харкаўскім лесе ўздоўж Магілёўскай шашы... Таму і месцы для помнікаў людзі прапануюць розныя», — кажа Ігар Станкевіч.
Людзі ўшаноўваюць памяць пра сваіх закатаваных сваякоў. Кабыляцкая гара
Зварот у Аршанскі райвыканкам накіравала і 95-гадовая Зінаіда Пашкевіч, дачка славутай Матруны Маркевіч, якой належыць аўтарства арнамэнту на сьцягу БССР. У гонар стваральніцы арнамэнту ў Сяньне ў 2015 годзе ўсталявалі памятны знак. «Сьцяг з арнамэнтам маёй маці пабываў у космасе, а яе муж ляжыць недзе ў хмызьняку», – напісала спадарыня Пашкевіч, якая просіць усталяваць памятны знак у памяць пра бацьку на Кабыляцкай гары.
Фрагмэнт ліста Зінаіды Пашкевіч
Мэмарыяльны знак у гэтым месцы некалі быў: у канцы 1980-х на распараджэньне аршанскіх уладаў там паставілі помнік-валун з мэмарыяльнай дошкай. Аднак вандалы скралі шыльду, а мясцовыя ўлады адмовіліся ад клопату пра ўшанаваньне памяці расстраляных. Даглядаць гэтае месца стала справай грамадзкіх актывістаў, якія прыходзяць туды ў памінальныя дні разам са сваякамі бязьвінна забітых.
Помнік, які ўсталяваў у памяць пра расстраляных аднавяскоўцаў аршанец Анатоль Буласаў (архіўнае фота)
Валун з дняпроўскага граніту сёньня застаўся адзіным напамінам пра колішнюю трагедыю. У апошнія гады сваякі рэпрэсаваных саматугам ставяць панавокал крыжы і помнікі забітым тут родзічам. Яны чакаюць адказу з райвыканкаму на свае звароты, каб мець магчымасьць зрабіць тут афіцыйны мэмарыял – нават за ўласны кошт. Але мясцовыя ўлады яшчэ не далі згоды.
БС, svaboda.org